Хлебазаводы шукаюць пекараў і цеставодаў. На працу іх гатовыя ўзяць хоць цяпер, прапаноўваюць нават навучыць на месцы. Жадаючых няма. Дэфіцыт рабочых рук ўзрастае з году ў год, паведамляе rgazeta.by.
Напрыклад, на Скідзельскім хлебазаводзе пра гэтую праблему кажуць не ўпершыню. Цяпер пайшлі чуткі, што нібыта з-за недахопу пекараў прадпрыемства пад пагрозай закрыцця. У Гродзенскім аблспажыўтаварыстве развеялі чуткі: ніхто не збіраецца закрываць прадпрыемства. А вось праблема з недахопам пекараў і цеставодаў сапраўды існуе. І гэта тычыцца не толькі Скідзельскага, але і іншых хлебазаводаў вобласці. Гэтыя кадры ў апошні час на вагу золата.
— Хачу адзначыць, што, нягледзячы на недахоп работнікаў, ні адна змена не сарвалася. Кожную раніцу свежы хлеб адгружаецца ў рэалізацыю. Хлебазавод працуе ў штатным рэжыме, — кажа начальнік аддзела кадраў, арганізацыйна-кааператыўнай і ідэалагічнай работы Гродзенскага аблспажыўтаварыства Наталля Сурмач. — Мы актыўна вядзём прафарыентацыйную работу сярод выпускнікоў школ. Прапануем бясплатна адвучыцца, гарантуем першае працоўнае месца. Але моладзь у асноўным імкнецца ў ВНУ, ды і на перыферыю асабліва ніхто не спяшаецца вяртацца. На жаль, працоўныя прафесіі страцілі свой прэстыж. За апошнія 5 гадоў мы не атрымалі ні аднаго пекара. Спрабуем знайсці кадры з ліку беспрацоўных. Удзельнічаем у кірмашах вакансій, прапануем свае варыянты.
Прафесія пекара няпростая. Умовы цяжэйшыя, чым, скажам, у прадаўцоў. Начныя змены, праца ля гарачай печы. А зарплата пры гэтым невысокая. Калі паглядзець прапановы, якія маюцца ў службе занятасці Гродзенскага раёна, праца прадстаўнікоў гэтай прафесіі ацэньваецца не занадта высока. Напрыклад, прадаўцам сельмагаў арганізацыі прапануюць 400−650 рублёў, Пекар — 450 рублёў. Наталля Сурмач кажа, што працаўнікоў, якія працуюць добрасумленна, прадпрыемствы імкнуцца заахвочваць па меры магчымасці. Але і дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ніякай кваліфікацыі на гэтыя працоўныя прафесіі ад суіскальнікаў не патрабуецца. Праходзь навучанне на месцы — і працуй добрасумленна.
Лепш поварам?
Раней такой праблемы не існавала. Напрыклад, у Баранавіцкім тэхналагічным каледжы яшчэ гадоў пяць назад набіралі групы па 25−30 чалавек на спецыяльнасць «пекар-кандытар». Кожны год былі жадаючыя. Цяпер такіх групаў няма, таму што ў іх няма неабходнасці, кажуць у установе адукацыі. Рабочыя прафесіі «пекар» і «кандытар» можна асвоіць дадаткова да асноўнай спецыяльнасці. Іншая справа, калі гаворка ідзе пра спецыяльнасці «повар-кандытар». Яна папулярная гэтак жа, як і раней.
Гэта пацвярджаюць і ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы. Тут кажуць, што на спецыяльнасць «повар-кандытар» нават ёсць конкурс. Пры тым што групы набіраюць немаленькія. І, дарэчы, нямала юнакоў. Як паказвае практыка, потым многія хлопцы робяць сабе кар’еру ў гэтым кірунку.
У галоўным упраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама растлумачылі: раней у Бераставіцкім прафесійным ліцэі была спецыяльнасць «пекар-кандытар». Зараз пекараў не рыхтуе ў галіне ніводная ўстанова адукацыі. Але праблемы, запэўнілі, ў гэтым няма. Прадпрыемства можа звярнуцца са сваімі прапановамі ў профільную ўстанову адукацыі. Пытанне разгледзяць. Пры неабходнасці можна арганізаваць падрыхтоўку па спецыяльнасці «повар-пекар». Але заявак ад прадпрыемстваў пакуль не паступала.
Не хочуць працаваць
Пра тое, што рабочыя прафесіі ўсё больш губляюць папулярнасць, сцвярджае і начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага райвыканкама Нэлі Міцура. Напрыклад, у цяперашні час арганізацыі прапануюць 995 вакансій, у тым ліку 613 — па рабочых спецыяльнасцях. Прадаўцы, кухары, пекары… Апошнім часам такія працаўнікі ў цане. Напрыклад, цяпер у раёне маецца 14 вакансій прадаўцоў, патрэбныя 29 кухароў, увесь час на Скідзельскі хлебазавод патрабуюцца пекары і цеставоды.
Служба занятасці прапануе беспрацоўным за дзяржаўны кошт прайсці перанавучанне пад наяўныя вакансіі. У дадзеным выпадку праца гарантавана. У мінулым годзе, распавядае Нэлі Міцура, сабралася група для перанавучання па спецыяльнасці «повар-кандытар», у гэтым годзе ніхто не захацеў ёю авалодваць. Аб прафесіі пекара нават ніхто не пытаецца.
Па ініцыятыве Гродзенскага аблспажыўтаварыства, дарэчы, на мінулым тыдні ў Скідзелі праводзілі «Дзень прадпрыемства». Паколькі ў горадзе-спадарожніку больш за ўсё беспрацоўных і адчуваецца недахоп рабочых рук, вырашылі запрасіць тых, хто шукае працу, облпа гатова было прапанаваць існуючыя вакансіі, у тым ліку і на хлебазаводзе. Ні адзін суіскальнік не з’явіўся.
Праблему недахопу працоўных рук, у прыватнасці цеставодаў, кандытараў, адчуваюць не толькі хлебазаводы сістэмы спажыўкааперацыі. Пра гэта кажуць, напрыклад, і ў ААТ «Гроднахлебпрам». У той жа час у кваліфікаваных спецыялістах дэфіцыту няма.
І ўсё ж для Скідзельскага хлебазавода добрая навіна: хутка сюды прыйдуць на працу тры маладыя спецыялісты. Дарэчы, усе яны не з Гродзенскай вобласці. Дзякуючы кіраўніцтву Скідзельскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя пачаткоўцы будуць забяспечаны жыллём, ім прадаставяць месца ў інтэрнаце.