Тэмпературныя рэкорды пабіты 14 кастрычніка ў Мінску і амаль ўсіх абласных цэнтрах, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«У Беларусі ўсталявалася цёплае надвор’е, нехарактэрнае для сярэдзіны кастрычніка. У Мінску ўчора днём слупок тэрмометра дасягнуў адзнакі ў 22,2 градуса цяпла. Папярэдні тэмпературны максімум быў усталяваны ў 1993 годзе — плюс 20,5 градуса. Тэмпературныя рэкорды ўчора былі ўсталяваныя таксама ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Брэста», — сказалі ў Белгідрамеце.
У Віцебску 14 кастрычніка тэмпература паветра павышалася да 21,5 градуса цяпла (папярэдні максімум быў значна меншы — плюс 17,8 у 2018 годзе). У Гомелі было 23,7 градуса вышэй за нуль (плюс 23,5 у 1993-м), у Гродне — 21,3 градуса цяпла (плюс 20,5 у 2000-м), у Магілёве — 22,8 градуса вышэй за нуль (плюс 19,8 у 1993-м).
Сёння ў Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 12 па поўначы да 23 градусаў цяпла па поўдні краіны. На гэтым тыдні будзе пераважаць цёплае сухое надвор’е з тэмпературным фонам на 4−7 градусаў вышэйшым за кліматычную норму.