Студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні, дзе большасць навучэнцаў - беларусы, збіраюцца страйкаваць. 1 кастрычніка ля галоўнага ўваходу ў будынак ЕГУ студэнты і студэнткі ЕГУ будуць выступаць супраць дзеянняў кіраўніцтва ўніверсітэта.

У ліпені 2019 года стала вядома, што кіраўніцтва ЕГУ зрабіла больш жорсткімі фінансавыя правілы для студэнтак і студэнтаў. Кошт вучобы для 80% навучэнцаў вырас у сярэднім на 400 еўра ў семестр. Па словах студэнтаў, узмацненне жорсткасці фінансавых правілаў адбылося на фоне падзення якасці адукацыі ў ЕГУ, сыходу ключавых выкладчыц і выкладчыкаў, і негатыўнай ацэнкі дзейнасці ўніверсітэта Цэнтрам ацэнкі якасці адукацыі Літвы (SKVC).

Як кажуць арганізатары страйка, рашэнне аб узмацненні жорсткасці фінансавых правілаў кіраўніцтва ЕГУ прыняла ў аднабаковым парадку без удзелу прадстаўнікоў студэнцтва, а студэнцкае самакіраванне ў ЕГУ зараз выключана з працэсу прыняцця важных рашэнняў. «Мы пазбаўленыя права голасу на пасяджэннях Рэктарата і Агульнага сходу суўладальнікаў, — тлумачаць студэнты. — Больш за тое, у 2016 годзе кіраўніцтва ЕГУ пазбавіла студэнцтва права голасу яшчэ і ў Кіроўчай радзе. У выніку рэформы Сената ў 2018 годзе, яго паўнамоцтвы былі абмежаваныя на карысць рэктара універсітэта, а члены Сената ад акадэмічнай супольнасці (10 з 19) зараз прызначаюцца кіраўнікамі акадэмічных дэпартаментаў, а не абіраюцца з ліку выкладчыкаў і выкладчыц. Мы не згодныя з дыктатарскай пазіцыяй кіраўніцтва па стаўленні да нас, студэнтак і студэнтаў універсітэта, які дэкларуе прыхільнасць еўрапейскім дэмакратычным каштоўнасцям і студэнтацэнтраванай адукацыі».

Перад пачаткам навучальнага года студэнтам стала вядома аб чарговай хвалі сыходу ключавых выкладчыц і выкладчыкаў з ЕГУ. Асноўная прычына гэтага, як тлумачаць яны, у тым, што кіраўніцтва ЕГУ адмовілася падаўжаць працоўныя кантракты без падстаў. Некаторыя выкладчыкі і выкладчыцы звязваюць свае звальнення з асабістай крытычнай пазіцыяй у адрас адміністрацыі універсітэта. Да практыцы беспадстаўных звальненняў кіраўніцтва ЕГУ ўжо звярталася ў 2014 годзе. Тады кантракты не працягнулі членам платформы «За новы ЕГУ», якія выступалі з адкрытай крытыкай дзеянняў кіраўніцтва. Студэнцкую супольнасць выступае супраць звальненняў.

Навучэнцы патрабуюць ад агульнага сходу саўладальнікаў, кіруючай рады і рэктара ўніверсітэта адмяніць ўзмацненне жорсткасці фінансавых правілаў для студэнтак і студэнтаў, вярнуць звольненых выкладчыц і выкладчыкаў, зрабіць кадравую палітыку ЕГУ празрыстай, вярнуць голас студэнцкай і акадэмічнай супольнасці ва ўсіх органах кіравання і зрабіць выбары ў Сенат ЕГУ адкрытымі і вярнуць яму паўнамоцтвы.

Арганізатары страйка звяртаюцца да донараў, партнёраў і сяброў універсітэта па падтрымку.