Журы з прадстаўнікоў бізнес-асацыяцый, банкаў і вядучых эканамістаў вызначыла рэгіёны Беларусі з найлепшымі ўмовамі для вядзення бізнесу.
Пераможцам у асноўнай намінацыі «Найлепшы абласны цэнтр Беларусі для бізнэсу — 2019» прызнаны Гродна. Найлепшым раёнам для бізнесу з колькасцю насельніцтва больш за 50 тыс. чалавек назвалі Лідскі, піша ej.by.
Найлепшымі раёнамі для бізнесу (з насельніцтвам менш за 50 тыс. чалавек) сталі Пастаўскі, Брэсцкі, Брагінскі, Шчучынскі, Чэрвеньскі і Горацкі, у намінацыі «Найлепшая вобласць для бізнесу Беларусі» перамагла Мінская.
Навошта конкурс
Штогод конкурс па вызначэнні найлепшага горада, рэгіёну і вобласці для вядзення бізнесу праводзяць Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і Мінскі сталічны саюз наймальнікаў і працадаўцаў.
Па словах старшыні Вышэйшай каардынацыйнай рады Рэспубліканскай Канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзіміра Карагіна, конкурс дазваляе як выявіць слабыя месцы рэгіёнаў, так і стварыць канкурэнтнае асяроддзе ў эканоміцы і пазначыць лідэраў.
«Ацэньвалася колькасць суб’ектаў гаспадарання, аб’ём падаткаў, якія збіраюцца ад МСП, таксама журы вывучала розныя ініцыятывы і праекты, якія праводзяцца ў горадзе (раёне, вобласці), не менш важным быў такі крытэр як узаемадзеянне бізнесу з уладамі», — растлумачыў Уладзімір Карагін.