У горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця адкрылася фотавыстава пра жыхарак гораду, якіх дабіліся посьпеху ў самых розных сфэрах. Сярод гераінь — ратавальніца Калоскай царквы, ультрамаратонка і званарка, піша s**boda.org.
Фотавыстава ProWomen расказвае гісторыі 9 пасьпяховых жанчын, якія руйнуюць гендэрныя стэрэатыпы.
Адна з арганізатарак выставы, кіраўніца праекту HrodnaMediaRoom, старшыня горадзенскай філіі БАЖ Вольга Корсун расказала, што апошнім часам сустракае такую рэакцыю на слова «фэмінізм», нібыта жанчыны заходзяць на тэрыторыю мужчын і забіраюць іхныя правы. Выстава стала адказам на такі погляд.«Ёсьць жанчыны, якія будуюць сваё жыцьцё так, як хочуць яны. Яны могуць быць натхняльным прыкладам. Яны шчасьлівыя ў тым, што яны будуюць. Мы хацелі зрабіць прыкметнымі жанчын, якія дасягаюць вяршынь, робяць горад лепшым. Падкрэсьліць, што крытэрам посьпеху не зьяўляецца пол. Можа, фэмінізм — гэта ня так страшна? Гэта магчымасьць быць сабой», — кажа Вольга Корсун.Журналістка Hrodna.Life Ірына Новік расказала, што неўзабаве выйдзе кніга з гісторыямі гэтых жанчын.
«Я зразумела, што жанчын у гісторыі зусім не відаць. Захацелася пакінуць нашчадкам іхныя гісторыі, каб праца іх была прыкметная. Фэмінізм — гэта пра тое, каб быць шчасьлівай, рабіць выбар, ісьці сваім шляхам. Калі жанчына хоча сям’ю і дзяцей — гэта яе права і выбар. Калі яна хоча працаваць і ствараць — гэта таксама ейныя права і выбар. Тое, што жанчына сёньня можа выбіраць, — гэта выдатна», — лічыць Ірына Новік.Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі:
«Думаю, палітыка — шляхетная справа, якая павінна служыць людзям».Вольга Вялічка, кіраўніца Горадзенскага дзіцячага госпісу:
«Я — гэта пра дзяцей. Калі ня ў госьпісе зь дзецьмі, то дома зь дзецьмі. Я іх не разьмяжоўваю — дзеці ёсьць дзеці».Вольга Гаўрылік, кіраўніца прадпрыемства «Мядовы шлях», адзіная ў Беларусі мядовая самэлье:
«Для мяне цяжкая праца смакуе як бортніцкі мёд — гэта слодыч з горыччу дыму».Юлія Мінчанка, званарка Свята-Пакроўскага сабору ў Горадні, рэгент царкоўнага хору:
«У кожнага чалавека ёсьць асабістая думка, а ў мяне яшчэ і погляд са сваёй званіцы».Наста Трафімчык, ультрамаратонка, «Горадзенская беларусачка — 2017»:
«Калі ня ведаю, што рабіць далей, ці ўзьнікаюць нейкія складанасьці, я адразу надзяваю красоўкі, форму — і выбягаю».Тацяна Чысьцякова, кіраўніца фэрмэрскай гаспадаркі, заснавальніца праекту «Акадэмія жаночага бізнэсу»:
«Мяняць сваё жыцьцё я пачала, калі мне было ўжо за 50».Валянціна Шоба, мастачка, ляўрэатка прэміі імя Дубко (Горадня) і прэміі Тэйляра (Парыж):
«Каб выйсьці з глыбокай дэпрэсіі, трэба проста ўпарта рабіць сваю прафэсію і праз гэта вярнуцца да гармоніі. Назьбіраць кветак і намаляваць».Наста Яроцкая, супрацоўніца ІТ-кампаніі, блогерка, лідэрка думак:
«Сацыяльныя сеткі для мяне — свабода і магчымасьць не залежаць ад колькасьці пастоў, фаловэраў і падабаек».Алена Шчасная, архітэктарка, навуковая кіраўніца праектаў рэканструкцыі храмавай архітэктуры:
«Я архітэктар па жыцьці. Я трапіла ў той асяродак, дзе мне падабаецца. Ніколі не было, каб думала: „Які жах, трэба ісьці на працу“».
Гісторыі гарадзенак сабрала журналістка Ірына Новік. Фотапартрэты рабілі Кацярына Гардзеева, Людміла Лебедзь, Ільля Гелей. Арганізавалі выставу HrodnaMediaRoom, Беларуская асацыяцыя журналістаў, інтэрнэт-партал HrodnaLife.
Экспазыцыю можна ўбачыць да 4 кастрычніка.