У пачатку гэтага тыдня па дамах на вуліцы Ажэшкі хадзілі людзі і прапаноўвалі набыць і ўсталяваць фільтры для ачысткі вады. Яны называлі сябе супрацоўнікамі кампаніі, якая дзейнічае па замове Гродзенскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Маўляў, у горадзе адбываецца пагаршэнне якасці вады, таму эпідэміёлагамі ініцыяваная ўстаноўка фільтраў ачысткі, паведамляе grodno.mvd.gov.by.

Так ашуканцы спрабуюць нажыцца ў асноўным на даверы пенсіянераў. Прадукцыю яны прапануюць па завышаных цэнах, пры гэтым кажучы, што гэта яшчэ са зніжкай. Ленінскі РАУС г. Гродна праводзіць праверку.

Перад «перапісам насельніцтва» людзям пачалі тэлефанаваць нібыта задзейнічаныя ў перапісе. «Ілжэперапісчыкі» спрабуюць даведацца асабістую інфармацыю, у тым ліку пра дадзеныя банкаўскіх карт. А ў далейшым спрабуюць выкрасці грошы.

Міліцыя нагадвае, што перапісчык абавязаны прад’явіць пасведчанне і пашпарт. Таксама ў яго будуць торба з лагатыпам перапісу і планшэт. Акрамя таго, «перапіс насельніцтва» не ажыццяўляецца па тэлефоне. Калі вы сутыкнуліся з падобнымі фактамі, паведаміце ў міліцыю.