У Гродне пачаўся збор подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. На вуліцы Савецкай 11 верасня праходзяць першыя пікеты.
У Беларусі з 8 верасня пачалося вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты парламента. Яно працягнецца па 7 кастрычніка ўключна. Вылучаць свайго прадстаўніка могуць як палітычныя партыі і працоўныя калектывы, так і грамадзяне шляхам збору подпісаў.
У Гродне першымі ў цэнтр Гродна збіраць подпісы выйшлі прадстаўнікі апазіцыйных партый, якія 9 верасня зарэгістравалі ініцыятыўныя групы вылучэнцаў.
«Сёння ў Гродне пачаліся першыя пікеты, якія будуць доўжыцца да 17 кастрычніка, — распавядае старшыня Гродзенскага адзялення партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. — Спадзяюся, яны будуць праходзіць кожны дзень, і гэтая кропка ў цэнтры Гродна стане традыцыйнай. Важна, каб людзі ведалі, дзе і калі да нас можно падыйсці.
Да моманту рэгістарцыі кандыдатаў любая агітацыя забаронена, таму раздача улётак і іншых матэрыялаў не праходзіць. Мы выкарыстоўваем дадзены пікет для візуалізацыі і прэзентацыі сябе. І чарговы раз нагадваем гродзенцам, што мы адна каманда, усе разам заадно. А гэта розныя палітычныя і грамадскія арганізацыі. Мы разам".
Пікеты можна праводзіць з 8 да 22 гадзін. Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.