Вазочніца з Гродна паехала на конкурс прыгажосці ў Піцер. Падтрымайце!

У ліпені мы пісалі пра Аксану Якуцэвіч – вазочніцу, якая збіралася на конкурс прыгажосці “Неўская краса”. Тады дзяўчына сумнявалася, ці зможа пацягнуць конкурс фінансава. Пасля публікацыі знайшліся гродзенцы, якія дапамаглі ёй. Цяпер Аксана ўжо рыхтуецца да конкурсу ў Піцеры. Фінал пройдзе 13 верасня.

– У папярэднім артыкуле я казала, што пакуль сумняваюся, ехаць-не ехаць, і што калі б знайшоўся спонсар, які дапамог бы мне матэрыяльна, то я бы дакладна паехала. Людзі прачыталі. Мяне знайшлі ў інстаграм, пачалі пісаць і прапаноўвалі розную дапамогу. Хтосьці перадаваў грошы, дзяўчаты рэпост рабілі, – распавядае Аксана.

У тым ліку ёй дапамаглі агенцтва “На Ура”, кампаніі “EmiRomani”, “Белавія” і неабыякавыя гродзенцы.


«Я заўсёды была модніцай». Вазочніца з Гродна збіраецца на конкурс прыгажосці


У Піцер яна адправілася з сяброўкай. Ляцелі на самалёце. Рыхтаваліся па заданнях – відэавізітка, танец, выхад у нацыянальным строі, конкурс пытанняў ад журы, выхад у вячэрніх сукенках і ў капелюшах ад дызайнера Ганны Міхайлавай. Дарэчы, нацыянальны касцюм давялося шукаць доўга. Аксана кажа, што аб’ездзіла ўвесь Гродна, але так нічога і не знайшла. У выніку ўзяла яго ў ансамблі “Белыя Росы”.

Перамагчы, каб спраўдзіліся мары

На конкурс прыехалі 27 удзельніц. У іх насычаная праграма.

– Настрой выдатны. Піцер цудоўны. Сёння былі ў Пецяргофе. Прыедзем – пачнуцца рэпетыцыі па танцах. Каталіся па Няве на мотабайку – вельмі крута. Учора была экскурсія ў Ісаакіеўскі сабор і Летні сад.

Аксана казала, што перамога ёй патрэбна для ўвасаблення мары. Дзяўчына хацела б займацца мадэлінгам, рэкламаваць касметыку. А з тытулам гэта зрабіць прасцей. І настроена Аксана рашуча.

– Я для гэтага сюды і прыехала – толькі за перамогай, за Беларусь. Па-мойму, мае шанцы вельмі высокія. Я вартая гэтай перамогі, вельмі хачу яе. Спадзяюся, усё так і будзе.

Аксана лідзіруе ў інтэрнэт-галасаванні. Падтрымайце дзяўчыну!

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: