Канцэпцыю роспісаў гродзенскіх шматпавярховікаў прапанаваў гораду мастак Уладзімір Качан. Фотакалажы з’явіліся на старонцы аўтара 9 верасня. Зараз магчымасць іх рэалізацыі разглядае адміністрацыя горада. Паводле Качана, роспісы на тарцавых сценах будынкаў маглі б зрабіць гарадскія раёны больш зразумелымі па навігацыі для жыхароў і больш прывабнымі і адметнымі для турыстаў.
Прабіваліся не адзін год
Пытанне аб “сумных” тарцах шматпавярховікаў абмяркоўвалі на адной з сустрэч мастакоў са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем. “Мэр паскардзіўся, маўляў, трэба нешта рабіць з пустамі сценамі, трэба ўпрыгожыць горад. То мы ўзгадалі, што прабіваліся да ўладаў з падобнымі прапановамі не адзін год. І вось нарэшце ізноў паднялі гэту тэму”, – распавядае Уладзімір Качан.
Па словах мастака, справу даручылі гарадской ЖКГ. Камунальнікі выбралі будынкі, якія выходзяць тарцамі на магістральныя вуліцы горада, і прапанавалі падрыхтаваць эскізы роспісаў. Хаця даўнейшых напрацовак было шмат, Уладзімір Качан вырашыў падыйсці да пытання з іншага боку. З акцэнтам на беларускай стылістыцы і гарадскіх адметнасцях, каб зрабіць горад своеасаблівым.
Выцінаны Губерт
На адным з тарцоў ён прапанаваў адлюстраваць легенду пра святога Губерта, на доме па вуліцы Кляновай – зрабіць выяву дрэва, а для Пралетарскай – сімвалы працы і ўрадлівасці. Усе малюнкі маюць стылістыку беларускіх выцінанак. “Мяркую, што гэта зробіць горад адметным і запамінальным. Праз такія роспісы можна выбудоўваць імідж горада, зразумелы для жыхароў і прывабны для турыстаў”, – кажа мастак.
Яго меркаваннем, роспісы шматпавярховікаў можна нават спалучаць з планавымі рамонтамі. “Сёння тэхналогія дазваляе зэканоміць і аб’яднаць аднаўленне, уцяпленне і эстэтызацыю будынкаў. Ёсць распрацаваныя рэкамендацыі фірмаў, што выпускаюць матэрыялы і фарбы для рамонтаў”.
Сланечнік, валошка і мак: У Гродне «расцвітаюць» шматпавярховікі
Кожнаму раёну сваё
У марах і планах мастака прапанаваць гораду канцэпцыі роспісаў для цэлых раёнаў. Напрыклад – адзін раён аздобіць партрэтамі дзеячоў культуры, што жылі і працавалі ў Гродне, іншы – пісьменнікаў.

“Было б цікава, каб нехта казаў, што жыву ў доме Быкава ці Карпюка. У еўрапейскім мастацтве такое зараз з’яўляецца. Было б добра, каб гарадскія ўлады пайшлі насустрач”.

Прыклады дзясяткаў яскравых муралаў на сценах дамоў можна пабачыць у суседнім Беластоку. Яны сталі там знакамітасцю і турыстычнай атракцыяй. Ёсць там і мурал у стылі выцінанкі – на вуліцы Звежынецкай, насупраць інтэрнатаў Палітэхнікі.









