Змяніць падыход да газонаў у Гродне прапануюць аўтары петыцыі, што з’явілася ў сеціве 9 верасня. Замест звычайных газонаў з кароткай травой прапануюць рабіць дэкаратыўныя газоны-кветнікі з сумессю рознатраўя і палявых кветак. Такія газоны маюць назву «маўрытанскіх» ці дэкаратыўных і апошнім часам набываюць папулярнасць у многіх еўрапейскіх гарадах. Падпісаць петыцыю можна да 22 верасня. Пасля гэтай даты дакумент будзе скіраваны ў Гродзенскі гарвыканкам для разгляду.
Дэкаратыўныя газоны маюць шэраг перавагаў перад звычайнымі. Іх засяваюць сумессю злакавых раслінаў і палявых кветак. Яны не патрабавальныя да глебаў, не патрабуюць частых пакосаў, самааднаўляюцца ў новым сезоне, спрыяюць захаванню біялагічнай разнастайнасці насякомых і раслінаў і робяць гарадскую прастору больш прывабнай.
Важна, што зеляніна на газонах зніжае тэмпературу глебы, бо расліны адлюстроўваюць да 90% сонечнага выпраменьвання. Па здымках, зробленых цеплавізарам відаць, што на коратка стрыжаных газонах, як і на асфальтавых пакрыццях, тэмпература паверхні ў летнія дні дасягае амаль 50 градусаў.
Пекла па-гродзенску. Як дрэвы маглі б уратаваць нас ад спёкі, але іх не хапае
Апроч эфекта ахалоджвання, расліны, як і дрэвы, дапамагаюць ачышчаць паветра ў горадзе. Яны затрымліваюць некаторыя забруджвальныя рэчывы, а таксама паглынаюць вуглякіслы газ і прадукуюць кісларод. Гэта стварае больш камфортныя ўмовы для гараджан у летнюю спёку.
З экалагічнага дакладу да генеральнага плана Гродна вынікае, што ў горадзе не хапае зялёных зонаў. Іх нарматыўная колькасць мае складаць 15 квадратных метраў на кожнага жыхара. Зараз маем толькі 3,6 квадратных метры. Зялёныя зоны ў выглядзе дэкаратыўных газонаў з рознатраўем маглі б часткова кампенсаваць недахоп дрэваў у горадзе.
Выносячы пытанне на абмеркаванне ўвосень, мяркуем, што пры станоўчым разглядзе, затраты на новыя газоны могуць быць прадугледжаны ў бюджэце горада на 2020 год.
Падпісаць петыцыю можна да 22 верасня. Пасля гэтай даты дакумент будзе скіраваны ў Гродзенскі гарвыканкам для разгляду.
Таксама цікавы для вывучэння вопыт Варшавы. Вясной 2019 года ў польскай сталіцы былі ўсталяваныя аўтаматы, у якіх кожны ахвотны мог бясплатна атрымаць пакецік насення лугавых кветак і траваў. «Проста пасейце іх у садзе, у кветачніцы на балконе, або на затаптаным ўчастку траўніка. Пасля палівайце і чакайце вынік. Створым разам квітнеючыя гарадскія лужкі», — пісала пра ініцыятыву гарадскіх уладаў медыя elle.pl.