У Смаргоні двое мясцовых жыхароў 1975 і 1984 гадоў нараджэння паспрабавалі скрасці сілавы кабель з тэрыторыі прадпрыемства. Мужчыны нідзе не працуюць, таму вырашылі выкрасці амаль 200 метраў кабеля, каб атрымаць грошы з яго продажу, піша grodno.mvd.gov.by.

Малодшы з падазраваных раней працаваў на прадпрыемстве, аднак быў звольнены за парушэнне дысцыпліны. Каля гадзіны дня нядзелі ён са сваім таварышам адправіўся на былое працоўнае месца за асабістымі рэчамі. На тэрыторыю прайшлі праз месца, дзе няма плота, забралі спецвопратку і прыхапілі кабель на суму 450 рублёў. Зламыснікі накіраваліся на выхад па тым жа маршруце, па якому і зайшлі, аднак былі заўважаныя майстрам (былым кіраўніком звольненага работніка) і вартаўніком, мужчыны затрыманыя на месцы злачынства. У дачыненні да іх распачата крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж».