Першая ў Гродна кампанія, якая займаецца шэрынгам самакатаў, Samokato з 5 верасня змяніла прынцып карыстання паслугамі. Цяпер самакаты стаяць прышпіленыя. Hrodna.life даведаўся, навошта гэта патрэбна.
Раней неактываваныя самакаты проста стаялі на вуліцах горада без якіх-небудзь дадатковых блакаванняў. Любы жадаючы мог проста ўзяць і пракаціцца на ім, як на звычайным самакаце. Часта такой магчымасцю карысталіся дзеці і падлеткі, кажа Мікіта, маркетолаг кампаніі. Нярэдка самакаты вывозілі за горад. Па словах Мікіты, у большасці выпадкаў, калі яны маглі сваімі сіламі вярнуць самакат, то ў міліцыю не звярталіся. За ўвесь час працы Samokatо звярталіся па дапамогу ў міліцыю чатыры разы.
«Для карыстальнікаў практычна нічога не змянілася. Кліент адразу атрымлівае код ад замка праз мабільны дадатак. Пасля заканчэння паездкі самакат таксама неабходна прымацаваць».
Па словах маркетолага, вандалізму, як было ў Мінску з шэрынгавымі роварамі, у Гродне не было. Таксама ў кампаніі нагадалі, што нават калі вы дзесьці ўбачыце, што самакат стаіць непрышпілены, браць яго і катацца не актываваўшы нельга. Самакаты абсталяваны GPS, таму ў кампаніі заўсёды бачацо, дзе ён знаходзіцца. І калі неактываваны самакат пачынае рух, гэта таксама адсочваецца. Такое дзеянне можа разглядацца як крадзеж.