У асноўным пошукі разгортваюцца на тэрыторыях Парэцкага і Азёрскага сельсаветаў. Як правіла, блукаюць пенсіянеры, якія часта губляюцца ў знаёмых лясах, адзначае намеснік начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Пётр Ленец. Бабулі і дзядулі ўпэўненыя, што ведаюць тутэйшыя месцы і не баяцца заходзіць глыбей. Гэтым летам у РАУС паступіла некалькі паведамленняў аб дапамозе. Усе гісторыі скончыліся шчасліва, піша rgazeta.by.

— Мы заўсёды папярэджваем, каб грыбнікі, выпраўляючыся ў лес, апраналі яркую вопратку. Але мала хто да гэтага прыслухоўваецца. Некаторыя сыходзяць у лес у камуфляжных касцюмах, што ўскладніць пошук, — кажа суразмоўца.

Абавязкова варта ўзяць з сабой мабільны тэлефон, папярэдне яго зарадзіўшы. Але неабходна памятаць, што ў лесе мабільная сувязь можа быць недаступная. Таму варта прыхапіць з сабой свісток — ён можа апынуцца надзейнейшым за тэлефон. Таксама вельмі важна ўзяць з сабой нож, компас, зручны абутак, набор запалак у воданепранікальнай упакоўцы, дажджавік. Калі ўсё ж такі заблукалі, галоўнае, не паддавацца паніцы. Шукайце любую сцежку, прасеку або лінію электраперадачы. Знайшлі арыенцір — трымайцеся яго і нікуды не зварочвайце. Ніколі не пераходзіце раку і тым больш балота. Для начоўкі варта распаліць вогнішча на ўзвышшы, лепш паблізу вялікага дрэва.

— Калі чалавек не вярнуўся ў прызначаны час, блізкім неабходна паведаміць аб тым, што здарылася, у міліцыю. Не спрабуйце працягнуць пошукі самастойна. Сілы, скажам, пажылога чалавека, які правёў доўгі час у лесе, могуць быць на зыходзе. У такой сітуацыі дарагая кожная гадзіна, — кажа Пётр Ленец. — Пры неабходнасці супрацоўнікі міліцыі выклічуць ратавальнікаў, кінолагаў, арганізуюць пошукі з дапамогай спецыяльнай тэхнікі.