Сімптомы гродзенца з ампутаванай часткай нагі нагадваюць «сіндром працяглага сціскання», уласцівы п’яным. Што гэта такое?

Самая рэзанансная гісторыя апошніх дзён — абвінавачванні на адрас міліцыі ў збіцці 36-гадовага гродзенца Дзяніса Лук’янава, бацькі траіх дзяцей, які быў затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення. 20 ліпеня ён наведаў аўтафестываль SunDay.

У гродзенскім тэлеграм-канале «Злівы» з’явілася відэа, на якім, як мяркуецца, аголены Дзяніс Лук’янаў качаецца перад сцэнай, піша n*.by.

Ёсць дзве версіі наконт таго, што адбывалася далей.

Стрыечная сястра Дзяніса расказвае, што па дарозе ў выцвярэзнік АМАП вывеў Лук’янава ў лесе і «адпрацоўваў на ім удары» па нагах, але слядоў ад гэтага не засталося. У выніку, кажа сястра, праз два тыдні ён трапіў у бальніцу з адміраннем цягліц на назе і цяпер у крытычным стане ляжыць у рэанімацыі — у яго пакрысе адміраюць мяккія тканіны.

Міліцыя пераконвае, што ў размове з работнікамі Упраўлення ўласнай бяспекі МУС Дзяніс патлумачыў: траўму атрымаў праз 11 дзён пасля фестывалю праз «неасцярожнасць у стане алкагольнага ап’янення», а з АМАПаўцамі ён увогуле справаў ніякіх не меў.

Праваахоўнікі таксама апублікавалі відэа, як на наступны дзень пасля затрымання Дзяніс упэўненай хадой выходзіць з выцвярэзніка.

Жонка Дзяніса, Юлія, якая падпісала ліст са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў АМАП у Пракуратуру і СК, адмаўляецца штосьці тлумачыць.

«Я не каментую сітуацыю, а ўсё, што ведаю, расказала следчаму», — сказала яна карэспандэнту «Нашай Н**ы».

Медыкі, якія прачыталі апісанне пашкоджанняў Дзяніса — некроз цягліцаў і заражэнне крыві, — выказалі здагадку, што размова можа ісці пра так званы «сіндром працяглага сціскання»

Больш дэталёва пра сіндром «Нашай Н**е» расказаў кандыдат медыцынскіх навук, загадчык кафедры дзіцячай рэаніматалогіі і анэстэзіялогіі БелМАПА Леанід Міронаў. Ён мае больш чым 40-гадовы досвед працы ў таксікалогіі: спачатку ў аддзяленні таксікалогіі Бальніцы хуткай дапамогі Мінска, а пасля ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі хворых з вострай ныркавай недастатковасцю.

Улакладнім, што ён расказваў пра сіндром сціскання ў цэлым, безадносна канкрэтнай гісторыі Дзяніса Лук’янава.

Леанід Міронаў
«Існуе сіндром пазіцыйнага сціскання — гэта калі чалавек доўгі час — больш за чатыры гадзіны, — ляжыць у адным становішчы і на нейкія канцавіны ці ўчасткі цісне вага ўсяго цела.

Праз 5—6 гадзін парушаецца крываток і, пасля таго, як чалавек прачнуўся ці яго перавярнулі, у тым месцы пачынае развівацца ацёк, а ў закранутых цягліцах — некроз. Прадукты распаду трапляюць у кроў і, у першую чаргу, паражаюцца ныркі. Гэта ў агульных рысах. На сваёй практыцы я асабіста бачыў некалькі сотняў такіх пацыентаў", — расказвае доктар.

«Па маім досведзе, асноўная прычына такіх сітуацый — алкаголь і яго сурагаты. Людзі перабралі — і іх адключыла. Ну і бывае іншае, што цягне страту прытомнасці — парушэнне мазгавога крыватоку, напрыклад.

На мяккім ложку такое рэдка бывае. У асноўным гэта на жорсткай паверхні: зямля, асфальт, падлога. Чалавек лёг, а рука пад ім, або ў выпадковай позе ўпаў — нага пад ім, нязручнае становішча.

У мяне быў пацыент, які седзячы на падлозе ля батарэі праспаў ноч п’яны і атрымаў некроз ягадзічных цягліц. Кашмарнае відовішча…

Увогуле, арганізм патрабуе, каб мы перыядычна пераварочваліся ў сне — каб крываток у тых частках цела, якія мы ціснем сваёй масай, аднавіўся. І мы круцімся ў ложку ноччу, нават не адчуваючы таго. А чалавек у каматозным стане, канечне, такога не робіць. Пасля прабуджэння чалавек адчувае нешта не тое — пачынае ацякаць пашкоджаная частка цела, за кошт гэтага і заціскання нервовых слупоў пазней узнікае боль, канцавіны адмаўляюцца працаваць".

Якая дапамога аказваецца такім людзям?

«Ой, гэта вельмі цяжкая паталогія. Наша задача тут нават не ратаваць цягліцы ў першую чаргу, а папярэдзіць пашкоджанні нырак. З тканак жа вымываецца міяглабін — гэта злучэнне, якое нагадвае гемаглабін, але знаходзіцца ў цягліцах. Трапляючы ў крываток, ён з’яўляецца моцным акісляльнікам, шкодзіць клеткам. А ў нырках ён выклікае блакаду ныркавых канальцаў — яны перастаюць выдзяляць мачу.

Такія людзі ў асноўным трапляюць у рэанімацыю. Ім патрабуецца інтэнсіўная тэрапія, заліваюцца вялікія аб’ёмы раствораў. Калі расціснуць падчас каматознага сна сваю ногу, то ў ёй пачынае развівацца ацёк, і ў гэтай назе збіраецца да 10 літраў вады! А аб’ём крыві ўсяго 5—6 літраў. У такога чалавека агромністы дэфіцыт вадкасці".

Паводле доктара, на ягонай практыкі выратаваць не атрымлівалася прыкладна кожнага дзясятага.

«Але пасля таго, як паправіўся, у іх рукі-ногі ўжо атрафіраваныя. Гэта проста косткі, абцягнутыя скурай, а не функцыянальная канцавіна. А бывае і так, што шкодзяць не цягліцы, а толькі нерв. Напрыклад, рука лягла на нешта цвёрдае і вострае — спінку стула. Цягліцы не пацерпяць, а нерв за гэты час адамрэ і рука перастане працаваць», — падсумаваў ён.

Калі у Лук’янава дыягнаставаны менавіта гэты сіндром, застаецца незразумелым, пры якіх абставінах ён мог атрымаць яго праз некалькі дзён пасля вызвалення — праясніць гэтае пытанне можа або ён сам, або людзі, якія былі побач з ім у дні перад дыягнаставаннем траўмы. Але яны маўчаць.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Жывёлы з гродзенскага прытулку атрымалі першыя падарункі ад таемных Сант — пункты выдачы заказаў перапоўнены

Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…

23 снежня 2024

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024