У Налібоцкай пушчы 31 жніўня пройдзе пошукавы рэаліці-квэст. У мерапрыемстве возьме ўдзел тэлевядоўца і знаўца выжывання ў дзікай прыродзе Мікалай Драздоў. Мэта квэста, які правядзе мабільны аператар МТС супольна з ПРА «Ангел», — даць магчымасць усім неабыякавым паспрабаваць сябе ў ролі валанцёра.
Квэст будзе максімальна набліжаны да пошукавай аперацыі. Камандам трэба будзе пабудаваць верны маршрут і адшукаць лагер, дзе іх будзе чакаць Мікалай Драздоў. Каб паспяхова справіцца з задачай квэста, удзельнікам трэба адшукаць арыенціры ў лесе па компасе, аказаць першую дапамогу і зрабіць прылады для выратавання з падручных сродкаў. Суправаджаць каманды будуць дасведчаныя інструктары.
У лагеры тэлевядоўца правядзе майстар-клас па правілах паводзін у дзікай прыродзе і раскажа пра свае прыгоды на незаселенай выспе ў праекце «Апошні герой».
Прыняць удзел у квэсце можа кожны ахвотны, старэйшы за 18 гадоў. Для гэтага трэба да 27 жніўня прайсці рэгістрацыю і зрабіць репост апошняга запісу з пабліка ПРА «Ангел» (на выбар — Facebook, ВК, Instagram, ОК) з хештегом # ЯидуискатьсМТС. Пасля гэтага валанцёры атрада выберуць удзельнікаў, імёны якіх будуць абвешчаныя 29 жніўня.
«Мы хочам паказаць, што дапамагаць іншым вельмі важна і не так складана, як часам здаецца. Менавіта таму сцэнар квэста максімальна набліжаны да ўмоў пошукава-выратавальнай аперацыі. Спадзяемся, што добраахвотнікі, якія пройдуць квэст, змогуць прымяніць свае навыкі ў будучыні і, магчыма, выратаваць камусьці жыццё. Акрамя таго, яны будуць ведаць, як паводзіць сябе ў лесе і ў іншай неспадзяванай сітуацыі», — растлумачылі ў кампаніі МТС.