Паведамленне пра пажар у кватэры на сёмым паверсе дзесяціпавярховага дома паступіла ў МНС а 15.16 20 жніўня. Па прыбыцці на месца ратавальнікі выявілі ўзгаранне на кухні. У кватэры быў 52-гадовы гаспадар – яго вынеслі на свежае паветра і шпіталізавалі ў БХМД з атручваннем чадным газам. Яго стан медыкі ацэньваюць як стабільны.
– У двухпакаёвай кватэры пражывае таксама 20-гадовая дачка мужчыны. На момант узнікнення пажару яна знаходзілася на працы, – паведамілі ў Гродзенскім гарадскім аддзеле МНС. – У кухні пашкоджана маёмасць – аконныя рамы, закураны сцены, столь у кватэры і пад’ездзе.
Праз шчыльнае задымленне ў пад’ездзе з іншых кватэр эвакуявалі 10 жыхароў, паведамляе grodnonews.by.
На месцы здарэння працавалі шэсць пажарных разлікаў. Пры ліквідацыі пажару была задзейнічана спецтэхніка, а таксама службы ўзаемадзеяння.
Як мяркуецца, прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасеткі і электраабсталявання.







