«Падстрэленая варона са зламаным крылом. Бегае ля дома. Нехта ў маім раёне іх адстрэльвае. Гэта ўжо трэцяя за тыдзень. Неяк негуманна гэта», — напісаў у Фэйсбуку гродзенец. Яму расказалі, што можна зрабіць.
Спецыялісты параілі да прыёма ветэрынара патрымаць птушку на балконе, пакінуўшы ёй ваду. Крыло можна заліць хлоргекседзінам ці перакіссю вадарода і засыпаць стрэптацыдам. Птушку варта занесці на прыём у ветэрынарны пункт у заапарку. Кошт — 5 рублёў. Калі выжыве, можна памясціць варону ў Цэнтр дапамогі і рэабілітацыі дзікіх жывёл «Сірын».
У «АПБ» расказалі, што па-першае, паляванне ў горадзе забаронена. Па-другое, нават у паляўнічых угоддзях паляванне на варон з пнеўматыкай забаронена. У Брэсце і Мінску з гэтым былі звязаныя некалькі крымінальных і адміністратыўных спраў. Таму яны параілі звярнуцца ў МУС. «Калі будзе шмат заяў, міліцыя будзе больш пільна падыходзіць да праблемы», — кажуць у каментарах.