У пачатку восені пачнуцца будаўнічыя працы ў падвале дома па Савецкай, 1, дзе знаходзіцца крама “Ратушны”. Рэстаран “Бакст” збіраецца адкрыць там кафэ-пякарню.
Зараз у падвалах праходзяць падрыхтоўчыя працы. Будаўнічы і дызайнерскі праекты прадугледжваюць захаванне аўтэнтычнасці старадаўняга склепа.
“З верасня мы пачнем будаўнічыя работы. У будучыні там адкрыецца кафэ з уласнай пякарняй. З адкрыцця пачнем радаваць гродзенцаў і гасцей горада свежай выпечкай”, – распавялі Hrodna.life уласнікі.
Гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха распавядае, што першыя згадкі пра месца, дзе будзе кавярня – 16 стагоддзе. Там была гарадская карчма.
“Будынак, дзе сёння крама “Ратушны”, пазіцыянуецца як палац Сангушак 18 стагоддзя. Але адназначна ён будаваўся на нейкіх падмурках. Яшчэ ў 16 стагоддзі там была першая вядомая гарадская карчма. Пытанне: колькі засталося сцен ад той пабудовы? Трэба прыходзіць і глядзець. Месца агулам цікавае і са сваёй гісторыяй”, – адзначыў краязнаўца.

Рабочыя распавядаюць, што падчас работ у склепе знаходзяць шмат старых бутэлек і шкляных флаконаў. Мяркуюць, што там магла быць аптэка.
Зараз уваход у падвал знаходзіцца з боку дворыка, а восенню працоўныя прыступяць да аднаўлення засыпанага старога ўваходу з боку вуліцы.









