З пачатку жніўня на вуліцы Валковіча пачалася падрыхтоўка да будаўніцтва чарговага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Каб падрыхтаваць пляцоўку, працоўныя прыбіраюць расліны: усяго 14 дрэў, якім не менш за 40 гадоў. Мясцовыя жыхары абураныя.

«Ну як так? Такія старыя вербы і каштаны, мы заўсёды імі любаваліся. Дрэвам па 40 гадоў, а цяпер іх раз — і спілоўваюць. Непарадак», — распавяла адна з жыхарак вуліцы Алена.

Раней будаўніцтвам дамоў сямейнага тыпу на Ваўковіча займалася арганізацыя «Гроднагарбуд». Для будаўніцтва яны зносілі старыя пабудовы. Новы дом з’явіцца ў зялёнай зоне на скрыжаванні вуліц Валковіча і 1 Мая. Яго будаўніцтвам зоймецца «Гроднажылбуд».

Для падрыхтоўкі будаўнічай пляцоўкі рабочыя «Гродназелянбуда» 5 жніўня пачалі спілоўваць дрэвы. На працы ў іх ёсць усе дакументы. Заказчык, прадстаўнік «Гроднажылбуда», які кантралюе працы на аб’екце, распавёў, што ўборка дрэў - вымушаная неабходнасць. Пасля заканчэння работ прадпрыемства кампенсуе ўсе пасадкі. Калі не на Валковіча, то дзесьці ў іншым месцы горада.



Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life