У ДАІ расказалі, якія дні тыдня найбольш аварыйныя, што зменіцца ў арганізацыі дарожнага руху і што становіцца прычынай ДТЗ, піша grodnonews.by.
Колькасць ДТЗ у параўнанні з мінулым годам знізілася, загінулых і траўмаваных у аварыях таксама стала менш. Найбольш аварыйныя дні тыдня, згодна з аналізам экспертаў, з пятніцы па нядзелю, больш за ўсё здарэнняў адбываецца пасля 16.00.
— Нягледзячы на зніжэнне аварыйнасці ў горадзе і вобласці, усё ж застаюцца праблемныя моманты. Кіроўцы перавышаюць хуткасць, з-за гэтага часта здараюцца перакульванні, у якіх гінуць людзі. Колькасць перакульванняў узрасла ў Ваўкавыскім, Мастоўскім і Навагрудскім раёнах. ДТЗ з удзелам пешаходаў таксама не рэдкасць. За 6 месяцаў адбыліся 20 наездаў, і ў 11 выпадках пешаходы не былі ніяк пазначаныя на дарозе, шасцёра з іх загінулі. Таму на гэтых пунктах мы ў бліжэйшы час засяродзім увагу. Але не ўсё залежыць ад нас, людзі і самі павінны разумець, што робяць. Жыхар Літвы 11 чэрвеня прыблізна ў паўночы на 8 кіламетры дарогі М11 наехаў на пешахода, не пазначанага флікерам. Ён за апошнія 3 гады прыцягваўся да адказнасці ў якасці пешахода 8 разоў, не аднойчы ў нецвярозым выглядзе, — распавёў намеснік начальніка УУС аблвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Валянцін Асіповіч.
Будаўнічыя работы на аўтамагістралі М6 фактычна завершаны
Адкрыты ўсе палосы руху, цяпер будаўнікі займаюцца пунктамі сэрвісу. Але разам з гэтым не варта губляць пільнасці, па-ранейшаму ў лік найбольш аварыйных месцаў уваходзяць дарогі рэспубліканскага значэння.
— Нягледзячы на наяўнасць ахоўнай сеткі на працягу М6, часам жывёлам ўсё ж удаецца пранікнуць на дарогу, таму не варта ехаць занадта хутка ў месцах, дзе выхад жывёл найбольш верагодны. Акрамя М6, аварыйнасць павысілася на дарогах Р-44 і Р-99. Так на дарозе Р-44 кіроўца няправільна выбраў хуткасць. Зачапіў абочыну, а пасля таго, як выехаў на дарогу, з-за розніцы ў счапленні паверхняў адбылося перакульванне. Кіроўцу шпіталізавалі, у бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць, ён сканаў. Калі здарылася трагедыя, было светла, дарога сухая, калі б не хуткасць, ён бы застаўся жывы, — распавёў Валянцін Асіповіч.
Яшчэ адно сур’ёзнае ДТЗ адбылося 25 чэрвеня на 203 кіламетры аўтадарогі Р-99. Паблізу вёскі Капцёўка ў лабавую сутыкнуліся «Хонда» і «Фольксваген». Гродзенец рабіў абгон на «Хондзе», няправільна разлічыў хуткасць і не ўпэўніўся ў адсутнасці машын на сустрэчнай паласе. У выніку сутыкнуўся з сустрэчным «Фольксвагенам». Абедзве машыны апынуліся ў кювеце. Пасажырка «Хонды» памерла на месцы. Адзін з пасажыраў аўтамабіля «Фольксваген» ад атрыманых траўмаў памёр у шпіталі 27 чэрвеня.
П’яныя і бяспраўнікі за рулём
Узрасла колькасць ДТЗ з удзелам вадзіцеляў, якія не маюць права кіравання. Рост такіх здарэнняў адбыўся ў Ленінскім раёне Гродна, Лідскім, Навагрудскім і Шчучынскім раёнах. Пры гэтым павялічылася колькасць загінулых у ДТЗ з удзелам нецвярозых вадзіцеляў - летась за 6 месяцаў загінуў адзін чалавек, сёлета — двое, узрасла і колькасць параненых.
— У 2019 годзе выяўлена больш за 900 фактаў кіравання транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Нецвярозыя становяцца вінаватымі ў сур’ёзных аварыях. У аграгарадку Азёры 5 мая кіроўца ў стане алкагольнага ап’янення няправільна выбраў хуткасць і не справіўся з кіраваннем. З’ехаў у правы кювет і перакуліўся. У кіроўцы множныя траўмы, але застаўся жывы, а вось яго пасажыр сканаў на месцы. Кіроўца затрыманы. Ён прыцягваўся да адказнасці да гэтага 27 разоў, толькі за апошнія 2 гады — 10. Зараз ужо яму наўрад ці давядзецца сесці за руль, — распавёў намеснік начальніка УУС.
Праезды-дублёры і каляровыя пераходы
У цэлым аварыйная сітуацыя ў Гродне і вобласці паказвае станоўчую дынаміку, з году ў год загінулых у ДТЗ становіцца менш. Гэтаму спрыяе цэлы комплекс мерапрыемстваў, важкую ролю ў ім гуляюць інжынерныя рашэнні.
— З 2016 года ў вобласці ліквідавалі 81 пешаходны пераход, усе яны былі аварыйна небяспечнымі, там рэгулярна адбываліся ДТЗ. Вадзіцелі таксама абмяжоўваюцца ў манеўрах ў асабліва небяспечных месцах, напрыклад, менш станавіцца левых паваротаў. Асабліва гэта тычыцца хуткасных магістраляў. Такая практыка ўжываецца па ўсім свеце. У ліпені адбыліся сур’ёзныя аварыі, у якіх загінулі людзі, гэта азмрочыла статыстыку і не можа не хваляваць, такога не павінна адбывацца. Праца Дзяржаўтаінспекцыі будзе сканцэнтравана, у першую чаргу, на папярэджанне аварыйных сітуацый і на тым, каб з кожным годам у ДТЗ гінула як мага менш людзей, — падкрэсліў Валянцін Асіповіч.
Для зніжэння аварыйнасці ў жылых зонах новых раёнаў прадугледжана ўладкаванне праездаў-дублёраў. Яны дапамогуць развесці аўтамабільныя патокі. А ўезды ў мікрараёны будуць пазначаныя дарожнымі знакамі «Жылая зона». Таксама для прыцягнення ўвагі кіроўцаў будуць абсталяваны спецыяльныя падвышаныя пешаходныя пераходы з яркай пліткі, так яны будуць прыкметнейшымі.