Жыхары Слоніма склалі петыцыю на сайце «Удобный город» з патрабаваннем перакласці гарадское графіці, створанае да Дня беларускага пісьменства, на беларускую мову, піша budzma.by.

«Да Дня беларускага пісьменства 2019 года на адным з дамоў па вуліцы Чырвонаармейскай у Слоніме было намаляванае графіці з выявай тэатра Агінскага і подпісамі на рускай мове. Дзень беларускага пісьменства — свята, якое наўпрост звязанае з беларускай мовай і беларускай культурай, таму афармленне горада па-руску з’яўляецца абсурдным — пішуць аўтары петыцыі. — Слонім моцна зрусіфікаваны горад, бальшыня шыльдаў у ім падпісаныя па-руску, знак на ўездзе ў горад рускамоўны, рускамоўныя нават надпісы на табло аўтобусаў. Па ўсім відаць, гэта сістэматычнае стаўленне ўладаў горада па русіфікацыі асяроддзя, не спыняе нават Год малой радзімы і Дзень беларускага пісьменства.

У траўні 2019 года намесніца начальніка ўпраўлення ідэалогіі Слонімскага райвыканкама абяцала, што надпіс будзе выпраўлены на беларускамоўны, аднак у жніўні райвыканкам адмовіўся ад гэтых планаў са спасылкай на скаргі расійскіх актывістаў.

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем выправіць подпіс вышэйзгаданага графіці на беларускамоўны, а таксама ў далейшым спрыяць пашырэнню беларускай мовы ў гарадской прасторы.

На цяперашні час петыцыя сабрала 473 подпісы.