1 жніўня распачаўся актыўны рамонт на масце па вуліцы Паповіча. Гэтага доўга чакалі кіроўцы Гродна, піша AutoGrodno.by.
Нягледзячы на тое, што планавалася закрываць па чарзе па адной паласе, праезд быў дазволены толькі па двух цэнтральным. А знешнія паласы знаходзяцца ў стадыі рамонту.
Як паведамілі grodnonews.by ў гродзенскім гарадскім камунальным прадпрыемстве «Рамбудаўтадар», мост па вуліцы Паповіча рамантуецца па тэхналогіі, прымененай на Румлёўскім мосце. Абследаванне паказала, што больш за ўсё патрабуюць замены пакрыцця крайнія правыя паласы ў абодвух напрамках, таму пасля фрэзеравання пачалося суцэльнае асфальтаванне на правай паласе, якая вядзе да лесапаркавага масіву Пышкі.
На левых палосах ямачны рамонт правядуць выбарачным спосабам і асфальт пакладуць вялікімі ўчасткамі ў найбольш дэфектных месцах. Работы плануецца завяршыць за некалькі дзён. Па выніках абследавання моста беларускімі навукоўцамі з БелдарНДІ будзе прынята рашэнне па яго капітальнаму рамонту.
Да вечара сабраліся заторы: з аднаго боку — ад міні-рынку на вуліцы Паповіча, а з другога — ад кальца Фартоў.
Сітуацыю ўскладніла аварыя, якая адбылася ў правай паласе па вуліцы Вясновай, да ўезду на мост. Там сутыкнуліся тралейбус і малалітражка.
На мосце працуе шмат дарожных будаўнікоў, тэхнікі, пастаянна падвозяць асфальт.
Палова адной паласы ўжо заасфальтавана. Вадзіцелі спадзяюцца, што працы завершацца ў вызначаны тэрмін.