26-гадовы Міхаіл Рыштоўскі памёр дома ад раку страўніка 20 ліпеня, перад тым ён да траўня служыў у войску. Яго камісавалі, толькі калі хвароба была ўжо на фатальнай стадыі. Найхутчэй, хлопца ўзялі ў армію ўжо з ракам. І з анкалогіяй ён служыў — не зважалі на болі і ванітаванне, хлопца лекавалі звыклымі таблеткамі, піша n*.by. Як такое магло здарыцца? Адказаў начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны палкоўнік Дзмітрый Альховік.

Сям’я сцвярджае, што Карэліцкі ваенкамат спецыяльна, праз недаборы, заплюшчыў вочы на кепскія аналізы прызыўніка і адправіў яго служыць. У арміі Міша большую частку часу правёў ў шпіталях на прымітыўных таблетках і з таўром «касільшчыка», пакуль, урэшце, у Мінску ў яго не дыягнаставалі анкалогію з множнымі метастазамі, адразу ў чацвёртай ступені.

Дзмітрый Альховік найперш патлумачыў, што непасрэдна Міністэрства абароны не адказвае за набор салдат — гэта робіць прызыўная камісія, а камісарыят толькі рэалізуе.

Такім чынам, клапаціцца аб салдаце Міністэрства пачынае ўжо тады, калі ён прыбыў у часць. Паводле словаў прадстаўніка Мінабароны, аналізы ў хлопца перад войскам былі здавальняючыя.

Дзмітрый Альховік згодна з законам не мае права выдаваць медыцынскіх таямніц, таму казаў агульнымі фразамі.

Галоўнае — чаму анкалогію выявілі ўжо на апошняй стадыі?

«Што з сябе ўяўляе страўнік? У візуальным плане гэта мяшочак. Анкалогія звычайна выяўляецца такім чынам: пухліна павялічваецца, звужаецца прасвет гэтага „мяшочка“, ежа застойваецца, што выклікае непрыемныя пачуцці і скаргі, і вядзе да дыягностыкі. У гэтай сітуацыі мелася рэдкая форма анкалогіі, якая не была пухлінай, а праядала сам орган. Таму сімптаматыка была прыхаваная і выявілася на позняй стадыі, калі з’явіліся канкрэтныя скаргі», — сказаў нам Альховік.

Але ж сям’я сцвярджае, што Міхаіл ад самага пачатку скардзіўся на здароўе?

«У мяне пад рукой храналогія ягоных зваротаў да медыкаў. І ў Печах, і ў Слоніме гэта не скаргі на страўнік, а скаргі на прастудныя захворванні, што для салдат не рэдкасць. І яму аказвалася дапамога. Звярну ўвагу, што адразу ж, пасля першай скаргі па прадмеце размовы, якая адбылася ў красавіку 2019-га, ён быў прадыягнаставаны ў адмысловым медыцынскім цэнтры. Гэта ўсё выявілася, сабраўся кансіліум. Вырашалі, што рабіць далей. Да нас прыязджала ягоная сястра. Звычайна праз хваробы грамадзян камісуюць, у канкрэтна гэтым выпадку міністр абароны прыняў рашэнне пакінуць салдата для рэабілітацыі. Кажучы проста, яго лячылі. Правялі хіміятэрапію і наступную рэабілітацыю, а потым адпусцілі дадому. Вельмі шкада, што ён памёр», — рэзюмаваў Альховік.