У Беларусі няма вострай неабходнасці ведаць беларускую мову. Пра гэта мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел заявіў у інтэрв'ю афіцыйнаму сайту Маскоўскага патрыярхату.

Пяць гадоў таму мітрапаліт Павел пасля прыезду ў нашу краіну паабяцаў вывучыць беларускую мову. Аднак дагэтуль гэтае абяцанне кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы не выканаў, піша euroradio.fm.

«З аднаго боку, заняты. З іншага боку, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. І яны аднолькава выкарыстоўваюцца — як беларуская, так і руская. Таму вострай неабходнасці ў вывучэнні беларускай я не бачу. Усе адзін аднаго разумеюць, на рускай і на беларускай мовах», — патлумачыў мітрапаліт.

Для вывучэння беларускай мовы, маўляў, неабходнасці няма. «І вось з гэтай прычыны я ўвесь час адкладаю вывучэнне мовы на потым, калі будзе ў мяне на гэты час, а часу ўсё няма і няма. Але саму ідэю — вывучыць мову — я не пакідаю», — дадаў мітрапаліт.

«Мы сёння часта чуем безапеляцыйныя заклікі - ажыццявіць пераклад набажэнствы на мясцовую мову, а пра наступствы не думаем. Вы калі-небудзь задумваліся, да чаго можа прывесці паспешлівы пераклад на ўсе мясцовыя мовы, скажам, у такіх галінах, як медыцына або хімія? Адразу скажу — у сусветнай медыцыне і хіміі наступіць калапс» — лічыць кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы.