У Беларусі няма вострай неабходнасці ведаць беларускую мову. Пра гэта мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел заявіў у інтэрв’ю афіцыйнаму сайту Маскоўскага патрыярхату.

Пяць гадоў таму мітрапаліт Павел пасля прыезду ў нашу краіну паабяцаў вывучыць беларускую мову. Аднак дагэтуль гэтае абяцанне кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы не выканаў, піша euroradio.fm.

“З аднаго боку, заняты. З іншага боку, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. І яны аднолькава выкарыстоўваюцца — як беларуская, так і руская. Таму вострай неабходнасці ў вывучэнні беларускай я не бачу. Усе адзін аднаго разумеюць, на рускай і на беларускай мовах”, — патлумачыў мітрапаліт.

Для вывучэння беларускай мовы, маўляў, неабходнасці няма. “І вось з гэтай прычыны я ўвесь час адкладаю вывучэнне мовы на потым, калі будзе ў мяне на гэты час, а часу ўсё няма і няма. Але саму ідэю — вывучыць мову — я не пакідаю”, — дадаў мітрапаліт.

“Мы сёння часта чуем безапеляцыйныя заклікі – ажыццявіць пераклад набажэнствы на мясцовую мову, а пра наступствы не думаем. Вы калі-небудзь задумваліся, да чаго можа прывесці паспешлівы пераклад на ўсе мясцовыя мовы, скажам, у такіх галінах, як медыцына або хімія? Адразу скажу – у сусветнай медыцыне і хіміі наступіць калапс” – лічыць кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы .