Прадпрыемства «Мотавелазавод» разам з партнёрамі збіраецца запусціць у Беларусі буйны байкшэрынг Velosmart. У планах у кампаніі адкрыць пункты пракату ў Гродне, Мінску і Брэсце, а таксама запусціць праект у Расіі. Абяцаюць пракат на гадзіну па цане талончыка.

ТАА «Мотавелазавод» разам з кампаніямі Softline і SIMATEK запускаюць у краіне беларускі байкшэрынг Velosmart, піша t*t.by. На прадпрыемстве расказалі падрабязнасці.

— Гэта будзе на 100% нацыянальны шэрынг: беларускі софт, беларускія ровары і беларускія станцыі. Сумесна з партнёрамі ў праект у Менску мы плануем ўкласці як мінімум два мільёны даляраў.

Пракат будзе працаваць па вядомым прынцыпе: зарэгістравацца праз дадатак, адсканаваць код, паехаць. Пакідаць ровары можна будзе толькі на станцыях. У Гродне плануюць устанавіць да сотні станцый.

Хутчэй за ўсё, праект раней стартуе як раз у абласных цэнтрах. Арганізатары абяцаюць, што гадзіна паездкі прыкладна будзе роўная кошту разавага талончыка — 60−65 капеек. Першыя паўгадзіны — бясплатна.

Пакуль вырашаецца пытанне аб выдачы ўчасткаў пад станцыі. Бесстанцыйны варыянт пракату на «Мотавелазаводзе» таксама пачалі прапрацоўваць.

Ровары будуць падобныя да мадэлі Aist Tracker 2.0, але з нестандартным дыяметрам сядла.

— Наш ровар не паставіш дзе заўгодна, калі чалавек яго ўзяў - ён павінен вярнуць яго на станцыю. Пакуль не вернеш — ідзе плата за карыстанне. Акрамя таго, наш механізм абароны — нестандартныя элементы. Іх не паставіш на ровар, які прадаецца ў краме, гэта значыць няма сэнсу разбіраць пракатны. Таксама ў нас будзе антывандальная гума — яе нельга пракалоць.