Прадпрыемства «Мотавелазавод» разам з партнёрамі збіраецца запусціць у Беларусі буйны байкшэрынг Velosmart. У планах у кампаніі адкрыць пункты пракату ў Гродне, Мінску і Брэсце, а таксама запусціць праект у Расіі. Абяцаюць пракат на гадзіну па цане талончыка.
ТАА «Мотавелазавод» разам з кампаніямі Softline і SIMATEK запускаюць у краіне беларускі байкшэрынг Velosmart, піша t*t.by. На прадпрыемстве расказалі падрабязнасці.
– Гэта будзе на 100% нацыянальны шэрынг: беларускі софт, беларускія ровары і беларускія станцыі. Сумесна з партнёрамі ў праект у Менску мы плануем ўкласці як мінімум два мільёны даляраў.
Пракат будзе працаваць па вядомым прынцыпе: зарэгістравацца праз дадатак, адсканаваць код, паехаць. Пакідаць ровары можна будзе толькі на станцыях. У Гродне плануюць устанавіць да сотні станцый.
Хутчэй за ўсё, праект раней стартуе як раз у абласных цэнтрах. Арганізатары абяцаюць, што гадзіна паездкі прыкладна будзе роўная кошту разавага талончыка – 60-65 капеек. Першыя паўгадзіны – бясплатна.
Пакуль вырашаецца пытанне аб выдачы ўчасткаў пад станцыі. Бесстанцыйны варыянт пракату на “Мотавелазаводзе” таксама пачалі прапрацоўваць.
Ровары будуць падобныя да мадэлі Aist Tracker 2.0, але з нестандартным дыяметрам сядла.
– Наш ровар не паставіш дзе заўгодна, калі чалавек яго ўзяў – ён павінен вярнуць яго на станцыю. Пакуль не вернеш – ідзе плата за карыстанне. Акрамя таго, наш механізм абароны – нестандартныя элементы. Іх не паставіш на ровар, які прадаецца ў краме, гэта значыць няма сэнсу разбіраць пракатны. Таксама ў нас будзе антывандальная гума – яе нельга пракалоць.



