У ГЦ OldCity 19 ліпеня ўсталявалі гарадское піяніна, якое сімвалізуе хуткае адкрыццё 8-га Біг-Міні-фестывалю вулічнага мастацтва ў Гродне. Сыграць на музычным інструменце можа любы жадаючы.
Па словах арганізатараў, піяніна будзе знаходзіцца ў поўным распараджэнні гараджан да самага адкрыцця фестывалю, пасля чаго яго перавязуць у цэнтр горада, на вуліцу Савецкую.
«Напярэдадні фестывалю да нас пачалі звяртацца гродзенцы з нагоды піяніна, — распавядае адна з арганізатараў фэсту Анастасія Роўба. — Мы не маглі адмовіць гараджанам, таму вырашылі не толькі ўсталяваць піяніна зноў, але і трохі падоўжыць творчае задавальненне. ГЦ OldCity з радасцю пайшоў нам насустрэч, акрамя гэтага, аказаў падтрымку ў трансферы замежных артыстаў для Біг-Міні фестывалю».
Гарадское піяніна ў мінулым годзе карысталася папулярнасцю ў гараджан. Музычны інструмент яшчэ доўга стаяў пасля фестывалю.
«Для вулічнага мастацтва не патрэбна сцэна, зала для гледачоў і квіткі. Ёсць толькі інструмент і майстэрства артыста. Гэта асаблівасць вулічнага жанру: тут не так важна імя артыста, як здольнасць прыцягнуць увагу публікі сваёй творчасцю», — дадала Анастасія Роўба.
Біг-Міні-фестываль вулічнага мастацтва пройдзе ў Гродне 27 ліпеня. У ім возьмуць удзел каля 300 артыстаў з сямі краін.