Гродзенкі Эмілія Гаўрус і Наста Трафімчык расказалі, як прыйшлі да беларускай мовы, як на гэта рэагуюць сям’я і сябры, і як выхаваць беларускамоўнае дзіця. На дэсерт выступіў лідар гурта “Dzieciuki” Алесь Дзянісаў.

– Мы ўвосень 2018 года прачыталі навіну, што ў 2019 годзе будзе перапіс насельніцтва. І будуць два пытанні, звязаныя з мовай. Адно з іх: “Ваша родная мова?”. А ў дужках напісана: “мова, першай засвоеная ў дзяцінстве”. Для многіх з нас беларуская мова родная, але яна не першая, засвоеная ў дзяцінстве.

У Гродне прайшла сустрэча “Беларускамоўныя” (+ топ беларускамоўных гуртоў ад удзельнікаў)

– Пытанне заблытанае, таму мы вырашылі паказаць людзям, што ёсць шмат людзей, сотні тысяч, якія размаўляюць па-беларуску. Яны абсалютна розныя па прафесіях, спецыянасці, розных узростаў. І мы запачаткавалі праект, які назвалі “Беларускамоўныя”. Сэнс яго ў тым, каб на сцэну падымаліся па два героі і распавядалі пра тое, як яны прыйшлі да беларускай мовы, – расказвае Алесь з “АртСядзібы”.

Праект запачаткавалі восенню 2018 года. Вядучая задае пытанні, а героі паралельна расказваюць: як пачыналі размаўляць, пра стэрэатыпы, адносіны, плюсы і мінусы. У мінску адбылося ўжо 30 сустрэчаў. На іх завітвалі і знакамінасці, і людзі, якія нядаўна перайшлі на мову. Некаторыя наведвальнікі натхняліся і таксама пачыналі размаўляць па-беларуску. У гэтым і быў сэнс праекта.

Летам стваральнікі паехалі ў рэгіёны, дзе правялі сустрэчы з мясцовымі героямі. “АртСядзіба” ўжо была ў Віцебску, Бабруйску, Гродне, Брэсце. У планах – Гомель. Падтрымаць праект можна праз краўдфандынг. Паралельна ідзе праект “Мова чэлендж”, за якім можна сачыць у інстаграме.

Як Akute дапамагаюць вучыць мову

Гераіні распавялі пра сябе. Наста нарадзілася ў Слоніме, адвучылася ў ГрГУ і адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. Зараз працуе прадавачкай у Мінску. Эмілія родам з Астравеччыны, па адукацыі журналістка, зараз у дэкрэтным адпачынку.

У Гродне прайшла сустрэча “Беларускамоўныя” (+ топ беларускамоўных гуртоў ад удзельнікаў)

Наста пачала размаўляць па-беларуску ў 2014 годзе. У свой час паўплывалі на яе бабуля, якая жыла ў вёсцы, і брат, які прывозіў дыскі Вольскага і раіў паглядзець “Вышэй за неба”. Потым былі Akute, Vincent – так усё і пачалося. У Слоніме было менш беларускамоўнага атачэння. А потым Наста паступіла ў Гродна і пайшла на курсы “Мова Нанова”. “Я пабачыла канцэнтрат беларускамоўных людзей і такая: сур’ёзна? Дзе вы былі раней? – смяецца Наста. – Тады пачалося асэнсаванае беларускамоўнае жыццё”.

Эмілія адказвае, што пачала размаўляць па-беларуску ў 1993 годзе, то бок ад нараджэння. Яна кажа, што ён было прасцей, бо яна жыла ў вёсцы, дзе размаўлялі хоць не на літаратурнай, але беларускай мове, вучылася ў беларускамоўнай школе. То бок база была.

– Калі ў гадоў 16-17 я паступала ў Гародню, было такое усведамленне: або ты пераходзіш на рускую мову, альбо удасканальваеш свою беларускую мову, каб яна была літаратурнай і прыгожай. А то нас з дзяўчатамі засмучала, што мы кажам “інцярэсна”, “вабшчэ”, і мы над сабой працавалі, каб беларуская мова была літаратурнай і каб гэта гучала прыжога, – расказвае Эмілія. Паступала ва ўнівер Эмілія з сястрой і сяброўкамі. Яны разам жылі ў пакоі і дамовіліся камунікаваць па-беларуску.

Беларускамоўны – значыць вясковец або з БНФ?

– Гэта такая праблема вясковай моладзі, бо мы разумеем, як там размаўляюць – як бацькі, як бабулі. І калі мы прыязджаем у горад, каб не вулучацца, амаль што ўсе мае аднакласнікі перайшлі на рускую мову. Для мяне, калі я паступала, гэта быў такі прынцыповы момант: або ты прагінаешся і пераходзіш на рускую, або застаешся пры сваім. І гэты момант трэба перажыць, – раіць Эмілія.

Яна расказвае, што настаўнікі і студэнты ніколі не ставіліся з негатывам, а з зацікаўленасцю і здзіўленнем. Часам гэта нават дапамагала на экзаменах, бо выкладчыкі цікавіліся мовай. Наогул, лічыць Эмілія, адукаваны чалавек не можа ставіцца негатыўна да беларускай мовы.

У Гродне прайшла сустрэча “Беларускамоўныя” (+ топ беларускамоўных гуртоў ад удзельнікаў)

Наста кажа, што яе аднакурснікі таксама ставіліся добра, тым больш што ў групе было адсоткаў 80 прыезджых з раёнаў, дзе былі цікавыя дыялекты. А аднойчы яе беларускую мову прынялі за… слонімскі акцэнт. З мамай яна размаўляе на трасянцы, хаця апошнім часам у тэлеграме – выключна па беларску. І сябры стараюцца адказваць ёй па беларуску.

Наогул, кажуць дзяўчаты, ранейшыя стэрэатыпы, што калі ты беларускамоўны – значыць, прыехаў з вёскі, працуеш настаўнікам беларускай мовы або апазіцыянер, ужо не працуюць.

“Дзякуй за мову”

У атачэнні Эміліі працэнтаў 70 беларускамоўных, у Насты – 50/50. У Гродне, кажуць дзяўчаты, адна беларускамоўная тусоўка – людзі, якіх бачыш на вуліцы, сустракаеш на імпрэзах. А вось проста так сустрэць беларускамоўнага цяжка. Хіба што людзі чуюць беларускую мову і стараюцца на яе адказваць.

Наста адчувае сябе больш упэўненай, калі размаўляе па-беларуску. Дзякуючы мове ў яе нават з’явілася натхненне – ультрамарафоны. У прыватнасці, дзякуючы Лявону Анацку. Часта дзяўчатам дзякуюць “за мову”.

“Дзеці не могуць не ведаць рускую мову – дайце вывучыць беларускую”

– Зараз маёй дачцэ 2 гады і 9 месяцаў. І для мяне гэта такое адкрыццё, як дзеці схопліваюць усё, як яны вучацца хутка і колькі ў дзяцей можна закласці. Я не за тое, каб яна была выключна беларускамоўнай. Выдатна, калі дзіця ведае і англійскую мову, і рускую – супер! Нядаўна мы хадзілі ў школы на сход і прыходзілі бацькі, якія будуць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы. Мы даводзім аргументы, чаму варта аддаць дзіця ў беларускамоўны клас і кажам, што дзеці рускую мову будуць ведаць у любым выпадку. Ну немагчыма зараз жыць у Беларусі і не ведаць рускую мову. Дайце дзецям магчымасць ведаць і беларускую мову таксама! – расказвае Эмілія.

У Гродне ёсць некалькі беларускамоўных груп у дзіцячых садках. Напрыклад, на Дзевятоўцы – у садзе №83. Там жа ёсць школа №32 з беларускай мовай навучання да 5 класа.

У канцы вядоўца папрасіла гераінь агучыць свой топ-3 беларускамоўных музычных гуртоў і выканаўцаў. Дадавайце ў плэйліст.

Топ ад Насты:

  1. Akute
  2. Vincent
  3. «Детидетей»

Топ ад Эміліі:

  1. Алесь Дзянісаў
  2. Сяргей Башлыкевіч
  3. Лявон Вольскі

Топ ад Алеся Дзянісава:

  1. Сяргей Башлыкевіч
  2. Ганна Хітрык з “Детидетей” и “Sounduk”
  3. Віктар Шалкевіч
Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]