Гродзенскі арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі расказаў у фэйсбуку гісторыю “пра рудахвостку-чарнушку, добрых будаўнікоў і “белыя каскі”.
Пазаўчора арнітолагу патэлефанавалі з Гродзенскага тэлебачання і расказалі, што на будоўлі новай школы ў Альшанцы будаўнікі знайшлі гняздо з птушкай. Што з ім рабіць, ніхто не ведаў. На тэлебачанне пазванілі самі будаўнікі.
– І вось мы на месцы, школа дабудоўваецца, – здаваць жа трэба да 1 верасня. Пластыкавыя вокны паўсюль стаяць, дзе-нідзе тынкуюць сцены і зацягваюць гіпсакартонам ці нечым падобным столь паміж балкамі перакрыццяў, – піша Дзмітрый. – Падымаемся на чацвёрты паверх і заходзім у будучую лабаранцкую пры класе, побач з адчыненым вакном стаіць драбіна, а амаль над вакном – гняздо, у якім у метры ад мяне сядзіць рудахвостка-чарнушка.
Будаўнік расказаў, што гняздо з птушкай знайшлі тры дні таму і спадзяваліся, што яна выляціць. Але птушка вылятала і вярталася. А будаўнікам трэба скончыць зацягваць столь над вакном і больш яны чакаць не маглі. “Забярыце гняздо ў лес або перанясіце куды-небудзь”, – прасілі яны.
Калі птушка вылецела, Дзмітрый убачыў у гняздзе яйкі. Каб з іх выляцелі птушаняты, патрэбны як мінімум 2,5 тыдні. Працаваць нельга. Ён патэлефанаваш у гарадскі камітэт Мінпрыроды. Там паводле закона абяцалі выпісаць прадпісанне спыніць працы да 15 жніўня. Але прадпісанне можна было выпісаць толькі на наступны дзень, а будаўнікі без дазволу начальства не маглі адцягваць заканчэнне працы.
Сталі шукаць начальства. Першы яго прадстаўнік адмовіўся дапамагчы з птушкамі, але патэлефанаваў прарабу. Той на камеру пагадзіўся пакінуць птушак у спакоі да 15 жніўня.
– Так што адносіны да таго, што жыве навокал, не залежаць ад адукацыі, а ад чаго – я не ведаю. Можа, ад выхавання ў сям’і? Прадпісанне было выпісанае на наступны дзень, прараб пайшоў шукаць тое гняздо на чацьвёртым паверсе. Ці выляцяць тыя птушаняты нават не так важна, але, спадзяюся, той розгалас, які будзе на будоўлі і пасля выйсця навіны пра гэта на БТ, дапаможа іншым птушкам у падобных сітуацыях. Бо ўсё ж добрых людзей у нас шмат. І калі яны сустракаюцца, то могуць рабіць важныя і добрыя справы. І гэта – радуе! – пазітыўна завяршае аповед Дзмітрый.



