Трагедыя здарылася 1 красавіка. Былы выхаванец вучылішча алімпійскага рэзерву вырашыў павучыць жыццю свайго малодшага таварыша. 18-гадовага Руслана Сіроціна абвінавачваюць у тым, што ён «прабіў фанеру» таварышу па спорце Андрэю Дараховічу, што стала прычынай яго смерці. Справу пачалі разглядаць у судзе Шчучынскага раёна 17 ліпеня, піша naviny.by.
У зале суда сабралася больш за дваццаць чалавек, большасць — маладыя людзі. Калі канвой увёў падсуднага, некаторыя дзяўчаты пачалі плакаць. Руслана ўзялі пад варту ў канцы чэрвеня.
Пацярпелымі прызнаныя бацькі памерлага Андрэя, якому было 16 гадоў, Іна і Дзмітрый Дараховічы.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Цыунчык. Пракурор — Аляксандр Дзямідаў.
Згодна з дзяржаўным абвінавачваннем, Руслан Сіроцін 1 красавіка каля 19:50 у распранальні спартыўнай залы лідскага вучылішча алімпійскага рэзерву на глебе непрыязных асабістых адносін з Андрэем Дараховічам нанёс яму не менш за тры удараў у грудную клетку. Гэта прывяло да прыпынку сэрца Андрэя.
На судзе пацярпелыя заявілі хадайніцтва на кампенсацыю матэрыяльнага ўрону на суму больш за тры тысячы рублёў, якія пайшлі на пахаванне, і маральнай шкоды ў суме па 100 тысяч рублёў для кожнага з бацькоў. Хадайніцтва будзе разгледжана пазней.
Сіроцін віну прызнаў часткова. Растлумачыў, што не хацеў смерці Дараховіча.
Руслан родам з Карэліцкага раёна. Бацькі разведзеныя, працуюць у калгасе, ёсць двое старэйшых братоў. Займаўся цяжкай атлетыкай з восьмага класа. У лідскім вучылішча алімпійскага рэзерву правучыўся тры гады — да 2018 года. Займаў прызавыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Кандыдат у майстры спорту.
Паступіць у Гродзенскі універсітэт не змог, планаваў падаваць дакументы яшчэ раз у наступным годзе. Пайшоў вучыцца ў лідскі каледж на тэхніка-будаўніка.
Руслан заікаецца, калі дае паказанні. Гэта ў яго з’явілася пасля смерці Дараховіча.
Андрэй Дараховіч прыехаў у ВАР са Скідзеля, вучыўся на клас малодшы, чым Руслан. Хлопцы жылі разам у інтэрнаце, але ў розных пакоях. Сустракаліся на трэніроўках. Сябравалі, разам гулялі ў футбол, у кампутарныя гульні, прыходзілі ў госці адзін да аднаго.
«Ніколі з ім не сварыліся. Ён заўсёды спагадны, нічога не пашкадуе. Усе добра да яго ставіліся, у тым ліку і я», — кажа Руслан.
Паводле паказанняў Сіроціна, ён прыходзіў на трэніроўкі ў спартыўную залу вучылішча алімпійскага рэзерву. Трэнеры пускалі яго, хоць ён ужо не быў выхаванцам.
1 красавіка каля сямі гадзін вечара Сіроцін прыйшоў у залу ўзважыцца і пазаймацца перад спаборніцтвамі. Усе выхаванцы ўжо збіраліся сыходзіць з залы.
Сіроцін паклікаў Дараховіча ў распранальню.
«Я сказаў: „Я ведаю, што ты ўжываеш наркотыкі, насвай“», — успамінае падзеі Сіроцін.
Аб насваі ён даведаўся ад агульных знаёмых. Дараховіч на гэта нічога не адказаў.
«Я сказаў: „Давай я табе тры „фанеры““. Ён пагадзіўся», — дадае Сіроцін. «Фанера» — гэта ўдар кулаком у грудную клетку.
Дараховіч сам выпрастаўся каля сцяны, каб зручней было біць.
«Чаму вы да яго звярнуліся з-за насвая? Што вам да таго?» — удакладніў пракурор.
«Я ведаў, што яго за гэта могуць выгнаць. Або нават нешта горшае… Ён быў вельмі добрым чалавекам. Я хацеў, каб ён гэтым не займаўся», — адказаў Сіроцін.
Абвінавачаны запэўніў, што ён раней нікога не біў падобным чынам у грудзі, у вучылішчы гэта не было заведзена.
Па словах Сіроціна, ён ударыў тры разы нямоцна, каб не нанесці траўмы сябру. Андрэй быў вышэй за Руслана, займаўся ў большай вагавай катэгорыі.
У распранальні ў той момант прысутнічалі яшчэ двое выхаванцаў вучылішча — Віталь В. і Вадзім Д.
«Пасля ўдараў Андрэй стаяў. Я ўжо збіраўся сыходзіць, падышоў да дзвярэй. Тады Віталь закрычаў: „Андруша“. У яго [Дараховіча] быў цяжкі ўздых. Ён пачаў спаўзаць па сцяне. Я адразу развярнуўся і пачаў прыводзіць у прытомнасць», — распавядае Сіроцін.
Усё адбывалася вельмі хутка. Паклікалі трэнера Дзяніса Ірчыцу.
Сіроцін спачатку пачаў біць Дараховіч па шчоках, рабіць штучнае дыханне, масаж сэрца. Выклікалі «хуткую».
Пакуль Руслан распавядаў пра абставіны смерці Андрэя, у зале суда плакалі.
«Чаму вы білі безабароннага чалавека?» — спытаў пракурор.
«Я нават не думаў, што такое можа быць», — адказаў Сіроцін.
«Вы не аспрэчваеце, што менавіта ад вашых удараў наступіла смерць?» — удакладніў пракурор.
«Прызнаю, ад маіх. Але я не хацеў, каб хоць блізка такое атрымалася», — адказаў абвінавачаны.
Сіроцін адзначыў, што шкадуе пра тое, што адбылося. З бацькамі Андрэя Дараховіча ўбачыўся выпадкова ў вёсцы, куды яны прыехалі на пахаванне агульнага знаёмага. Кажа, што папрасіў прабачэння. Але размова атрымалася кароткай, эмацыйнай і скамечанай.
Пазней Сіроцін не тэлефанаваў Дараховічам, таму што не ведаў, як і што сказаць.
Маці Іна Дараховіч распавяла, што Андрэй быў добрым, спакойным хлопцам.
«Калі я ўбачыла, што ён сядзіць у кампутары, вырашыла аддаць яго ў спартыўную секцыю. Ён казаў: „Мама, як добра, што ты мяне туды аддала“», — кажа Іна Дараховіч.
Пасля трэніроўкі ён заўсёды тэлефанаваў распавесці, як жыве. Але 1 красавіка мама званка не дачакалася.
Увечары 1 красавіка каля 22:40 патэлефанаваў намеснік дырэктара вучылішча і сказаў бацькам Андрэя Дараховіча, што сыну стала дрэнна на прыпынку, ён упаў і памёр. Пра тое, што здарылася на самой справе, бацькам распавялі іншыя выхаванцы вучылішча падчас пахавання хлопца.
«Імя Руслана ніколі не гучала, калі Андрэй прыязджаў дадому. Распавядаў пра іншых сяброў», — кажа маці.
Паводле яе слоў, сын ніколі не скардзіўся на стаўленне да яго іншых выхаванцаў або выхавальнікаў.
«Адзінае, што ён неяк сказаў: „Мама, 11-ы клас выпусціўся, цяпер усё будзе добра“», — кажа Іна Дараховіч.
Яна таксама ведала, што ў інтэрнаце ў выхаванцаў знікала ежа, асабістыя рэчы.
Маці і бацька памерлага Андрэя папрасілі суд пра самае суровае магчымае пакаранне для Сіроціна.
«Яму ніхто не даваў права біць. Ён мог настаўнікам сказаць. Ён забіў не толькі Андрэя, а ўсю нашу сям’ю. Мы не камунікуем дома, сустракаемся на могілках», — кажа Іна Дараховіч.
Следчы камітэт завёў крымінальную справу па артыкуле «прычыненне смерці па неасцярожнасці» (ч. 1 арт. 144 КК) праз два тыдні пасля смерці Андрэя Дараховіча. Пазней справу перакваліфікавалі на ч. 3 арт 147 («наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека»). Першы артыкул прадугледжвае да трох гадоў калоніі, другая — да 15 гадоў.
Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч падчас расследавання справы адзначыў, што трагедыя з падлеткам не была прыватным выпадкам, а праблемы ў дзейнасці вучылішча мелі «сістэмны характар».
Паводле слоў Івана Наскевіча, за апошнія гады выхаванцаў абвінавачвалі ў шэрагу злачынстваў, што стала вынікам «бескантрольнасці за імі з боку трэнераў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і службовых асоб абласнога ўзроўню, якія закліканы каардынаваць і кантраляваць адукацыйны і выхаваўчы працэс».
У снежні 2018 года быў звольнены кіраўнік Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Тадэвуш Калошыч (лідскае вучылішча — яго філіял). Згодна інфармацыі Генпракуратуры, у вучылішчы выявілі парушэнні заканадаўства, якія ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы навучэнцаў.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…