Гродзенскі клуб працягвае шукаць новыя варыянты ўзмацнення. У сярэдзіне ліпеня «Нёман» падпісаў новага галкіпера Дзмітрыя Дудара. На прагляд у каманду таксама прыехаў расійскі абаронца Мікалай Фадзееў.

Дзмітрый Дудар ураджэнец Гродна і ў гэтым сезоне згуляў у адным матчы за «Гомель» у Вышэйшай лізе. У 2018 годзе галкіпер быў прызнаны найлепшым гульцом паўднёўцаў у сезоне.

Мікалай Фадзееў ураджэнец Ульянаўска. Выхаванец мясцовай школы і маскоўскага «Спартака». Пасля сыходу з маскоўскага клуба выступаў за «Хімкі» (ФНЛ, сезон 16/17), маскоўскае «Тарпеда» (ПФЛ. Цэнтр, 17/18) і «СКА-Хабараўск» (ФНЛ, 18/19).

Таксама прэс-служба гродзенцаў паведамляе, што кантракты з абаронцам Дзмітрыем Барысавым і нападнікам Янікам Н’Джэнгам скасаваныя па пагадненню бакоў.

Пасля першага круга каманда Ігара Кавалевіча займае 8-е месца і мае ў сваім актыве 20 ачкоў. Другі круг гродзенцы стартуюць матчам у Гродне, які пройдзе 19 ліпеня. «Нёман» будзе прымаць «Гомель».