Так ахарактарызавала гэтыя кіёскі па продажах тытунёвых вырабаў дэпутат Слонімскага райсавета дэпутатаў Алена Кунцэвіч у сваім адказе на ліст грамадскага актывіста Алеся Масюка, піша gs.by.

«Па пытанні ўстаноўкі кіёскаў «Табакерка» паведамляю наступнае. Пляцоўкі (іх часткі) на аўтобусных прыпынках і адкрытыя пляцоўкі (іх часткі) з пакрыццём, размешчаныя ў месцах грамадскага карыстання, з’яўляюцца аб’ектамі вонкавага добраўпарадкавання. Гэтыя аб’екты здаюцца ў арэнду ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29.03.2012 № 150 «Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю…» — напісала Кунцэвіч у сваім лісце Масюку ад 5 ліпеня.

Алесь Масюк як выбаршчык па 15-й Заходняй выбарчай акрузе Слоніма звярнуўся да свайго дэпутата Алены Кунцэвіч з просьбай прыняць усе магчымыя меры па недапушчэнні функцыянавання ў Слоніме кіёскаў «Табакерка» і «Табак», а таксама зрабіць пісьмовую справаздачу аб яе дэпутацкай дзейнасці на тэрыторыі выбарчай акругі з наступнай публікацыяй яе ў раённай газеце.

Што тычыцца размяшчэння ў Слоніме новых гандлёвых кропак па продажы тытунёвых вырабаў, то тут, адзначыла ў сваім лісце дэпутат Алена Кунцэвіч, усё робіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пры гэтым Алена Сцяпанаўна дадала, што, як лекар, яна вельмі негатыўна ставіцца да тытунекурэння.

Нагадаем, грамадскія актывісты Слонімшчыны сёлета адправілі мясцовым уладам ліст з просьбай прыбраць з грамадскіх месцаў горада кіёскі «Табакерка», пад якім падпісаліся больш за 500 сланімчан.