У Гродне адкрыты рух транспарту па рэканструяваным участку праспекта Янкі Купалы, паведамілі БЕЛТА ў РУП «Гроднааўтадар».
Рэканструкцыя закранула ўчастак гарадской магістралі працягласцю каля 1,4 км ад развязкі на праспекце Кляцкова да скрыжавання з вуліцай Паўднёвай. Гэта адзін з асноўных уездаў у горад, акрамя таго, за апошнія гады ў прылеглых да дарогі раёнах пабудавана нямала новага жылля.
Узрослая інтэнсіўнасць руху, загружанасць дарогі абумовілі неабходнасць рэканструкцыі. Работы пачаліся ў красавіку 2019 года.
«Завершаны асноўныя работы па праезнай частцы. Гэта дазволіла адкрыць рух па ўсяму абноўленаму участку праспекта Янкі Купалы», — распавялі ў «Гроднааўтадары». Участак дарогі пашыраны. Цяпер на ім па 2 паласы ў кожным кірунку. Дададзеныя таксама пераходна-хуткасныя палосы ад з’ездаў да развязкі. У раёне гарадской бальніцы № 4 пабудавана разрэзнае кальцо, што дазволіць пусціць да будуемага побач гандлёва-забаўляльнага цэнтру грамадскі транспарт, у тым ліку тралейбусы, бо на новым участку дарогі добраўпарадкавана кантактная лінія.
Цяпер на ўчастку дарогі працягнуцца працы, якія не ўплываюць на бяспеку руху. Звязаныя яны з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі, азеляненнем, устаноўкай павільёнаў на прыпынках грамадскага транспарту, малых архітэктурных формаў. Завяршыць іх плануюць да канца ліпеня.
У ДАІ рэгіёну адзначылі, што арганізацыя руху на абноўленым участку зменена. Вадзіцеляў просяць быць пільнымі і звяртаць увагу на знакі і разметку.