Навіны

Чаму Лукашэнка не ездзіць на Гродзеншчыну і куды ён не даехаў за 25 гадоў улады

За час свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка пабываў у 102 з 118 раёнаў Беларусі. На падставе адкрытых зьвестак С**бода падлічыла ягоныя рабочыя паездкі па краіне і стварыла мапу. Чаму Лукашэнка ігнаруе Горадзеншчыну і ўсходнюю Віцебшчыну і чым адрозьніваюцца ягоныя паездкі ад перадвыбарчых тураў заходніх палітыкаў? Глядзіце вынікі дасьледаваньня.

Як склалі мапу

С**бода падлічыла рабочыя паездкі Аляксандар Лукашэнкі ад часу выбраньня яго прэзыдэнтам Беларусі. Выйшла амаль 400 візытаў*. Гэты сьпіс складзены на падставе адкрытых зьвестак, найперш з сайту president.gov.by і sb.by. Інфармацыя пра паездкі ў 1990-я гады — з папяровай вэрсіі газэты «Советская Белоруссия». Там публікаваліся навіны і рэпартажы з паездак Лукашэнкі па Беларусі.

Інфармацыю пра 16 раёнаў, якія не наведаў Лукашэнка, пераправерылі ў райвыканкамах, мясцовых журналістаў і краязнаўцаў.

Што лічылі за візыты? У першую чаргу так званыя «рабочыя паездкі». Гэта публічныя наведваньні Аляксандрам Лукашэнкам рэгіёнаў краіны, падчас якіх ён сустракаецца з жыхарамі гарадоў і вёсак, рабочымі заводаў і працаўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, праводзіць паседжаньні зь мясцовымі ўладамі. Абсалютная большасьць такіх візытаў трапляе ў нацыянальныя і мясцовыя газэты. Хаця ня ўсе. У сярэдзіне 1990-х, напрыклад, Лукашэнка наведаў вайсковую частку ў Слоніме, а потым — Жыровіцкі манастыр. Гэта пацьвердзілі вайскоўцы, якія ў той час ладзілі прыём Лукашэнкі ў 11-й мэханізаванай брыгадзе. Аднак згадак у газэтах пра гэты візыт не знайшлі.

У многіх раёнах Лукашэнка наведваў толькі вёскі, але пры гэтым ён не заяжджаў у райцэнтры. Такіх візытаў шмат на Горадзеншчыне. У Смаргонскім раёне ён пабываў толькі ў Вішневе (1999), у Шчучынскім — у Дэмбраве (2001), у Івейскім — у Геранёнах (2008).

Не залічвалі ў візыты навіны пра тое, як Аляксандар Лукашэнка аглядае зь верталёта тыя ці іншыя раёны. Ці праезды ягонага картэжу празь нейкі раён. Напрыклад, у 1998 годзе Лукашэнка ехаў на сустрэчу зь літоўскімі прэзыдэнтам Валдасам Адамкусам праз памежны пераход «Каменны Лог». Але ж афіцыйнага візыту ў Ашмянскі раён, тэрыторыю якога перасек картэж, не было.

Папулізм і раздача «падарункаў». Тлумачым, куды і навошта езьдзіць Лукашэнка

Аб’ехаць больш за 100 раёнаў — лічба сапраўды ўражвае. Хоць бы і за 25 гадоў. Але навошта Лукашэнку такая мэта — пабываць у кожным кутку Беларусі? Чаму на мапе рабочых паездак ёсьць прагалы на захадзе і поўначы? На гэтыя пытаньні адказвае Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік С**боды.

— Рабочыя паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў нечым падобныя на аналягічныя ваяжы па рэспубліцы Пятра Машэрава. Бо і тагачасны кіраўнік БССР таксама быў стыхійным папулістам. І эканамічная мадэль была падобная, вымагала неабходнасьці «ручнога кіраваньня».

Падабенства гэтых паездак у тым, што і тады, і цяпер выкарыстоўваюцца неэканамічныя мэтады кіраваньня. Але ёсьць і розьніца. Машэраў больш апэляваў да сацыялістычнай сьвядомасьці, спрабаваў распальваць працоўны энтузіязм. Лукашэнка ж увесь час заклікае да дысцыпліны, парадку, робіць стаўку на рэпрэсіі, пагражае пасадзіць мясцовых кіраўнікоў у турму.

Асьвятленьне ў друку візытаў Машэрава і Лукашэнкі падобнае. У тым стылі, што прыехаў кіраўнік, навёў парадак, заклікаў да лепшай працы, і адразу справы ў рэгіёне пайшлі на лад.

— Чаму ён пазьбягае Горадзеншчыну і Віцебшчыну?

— Лёгіка наведваньня Лукашэнкам тых ці іншых рэгіёнаў існуе. Напрыклад, ён любіць наведваць горад ці раён, дзе ўступае ў строй новы завод, дарога, мост, лядовы палац, каб перарэзаць чырвоную стужку. Таксама часьцей наведвае пасьпяховыя прадпрыемствы, каб прадэманстраваць краіне посьпех. Цалкам рэальна, што існуе і пэўнае лабіяваньне паездак кіраўніка дзяржавы. Маўляў, прыедзе Лукашэнка і раёну выдзеліць дадатковыя рэсурсы.

У мапе ягоных візытаў ёсьць два прагалы. Горадзеншчына (ня быў у Ашмянскім, Воранаўскім, Дзятлаўскім і Зэльвенскім раёнах) і Віцебшчына (ня быў у кожным трэцім раёне). Думаю, Лукашэнка з насьцярогаю ставіцца да Горадзеншчыны. Там большы ўплыў Захаду, Польшчы, каталіцызму. Таму ён інтуітыўна адчувае нешта чужое і баіцца сапсаваць настрой.

Віцебская вобласьць у пляне сельскай гаспадаркі — самая праблемная ў Беларусі. І чаго туды езьдзіць? Каб чарговы раз убачыць брудных кароў?

Затое ў Аршанскім і Шклоўскім раёнах Лукашэнка пабываў больш як па 20 разоў у кожным. Гэта ягоная радзіма. У гарадзкім пасёлку Копысь (Аршанскага раёну) ён радзіўся. У Шклоўскім раёне жыў і працаваў. Таму на гэтыя раёны ён бюджэтных грошай не шкадуе. Тут спрацоўвае і настальгія, і разуменьне, што мясцовыя жыхары — ягоны самы надзейны электарат.

— Чаму Лукашэнка так шмат езьдзіць па Беларусі?

— Адразу пасьля выбраньня прэзыдэнтам Лукашэнка пачаў актыўна езьдзіць па краіне і працягвае гэта рабіць дасюль. І вось чаму.

1. Каб падтрымаць статус «народнага прэзыдэнта». У першыя гады ягоныя паездкі былі нібы працягам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Напярэдадні выбараў 1994 году Лукашэнка паказаў сябе больш актыўным за іншых кандыдатаў, ладзіў па некалькі сустрэч на дзень, і ў асноўным у рэгіёнах. Ён пабачыў вялізны эфэкт, які даюць ягоныя выступы; колькасьць прыхільнікаў хутка расла. І ён упэўніўся ў сваёй вялізнай харызьме. Потым, пасьля выбраньня, яму трэба было падтрымліваць статус «народнага прэзыдэнта», сустракаючыся з гэтым самым народам.

2. Неабходнасьць адміністрацыйнай мадэлі кіраваньня. Сама беларуская сацыяльная мадэль абумоўлівае стыль ручнога кіраваньня эканомікай. Гэта калі прэзыдэнт прыяжджае ў Воршу і разганяе ўрад за неадрамантаваны дах аднаго з корпусаў заводу ці здымае віцэ-прэм'ера, міністра за брудных кароў. Без такіх пэрыядычных імпульсаў зьверху адміністрацыйная мадэль гаспадараньня не працуе.

3. Папулісцкія прыёмы. Іх трэба дэманстраваць на простых, зразумелых ягонаму электарату прыкладах. Вось тэма брудных кароў зразумелая ўсім, таму ролік з тым славутым разносам у аграхолдынгу «Купалаўскае» набыў вялізную папулярнасьць.

4. Разьвезьці «падарункі» па рэгіёнах. У першыя гады кіраваньня ён ехаў у рэгіёны з падрыхтаванымі падарункамі. Калі яму расказвалі аб праблемах, ён заяўляў, што выдзяляе на іх вырашэньне пэўную суму грошай. Нешта рамантавалася, прыводзілася ў парадак. Таму ягоныя паездкі і давалі такі эфэкт.

5. Дэманстрацыя актывізму. Тое, што Лукашэнка не сядзіць у кабінэце, а езьдзіць па краіне, падтрымлівала эфэкт шчырага прэзыдэнта. Маўляў, можа, ня ўсё ў яго атрымліваецца, але ж ён стараецца.

6. Каб сілкавацца ад народу. У першыя гады кіраваньня Лукашэнка псыхалягічна падсілкоўваўся ад народу падчас такіх сустрэч. Ён так прызвычаіўся купацца ў народнай любові, што яму тое было неабходна для ўласнага самаадчуваньня. Гэта пазьней ягоныя паездкі ператварыліся ў бюракратычныя, казённыя падзеі, калі ён сустракаецца з падрыхтаванымі людзьмі. А ў першыя гады гэта былі сапраўдныя сустрэчы з народам.

— У чым розьніца паміж паездкамі Лукашэнкі і заходніх палітыкаў?

— Кіраўнікі дэмакратычных краін таксама наведваюць рэгіёны. Гэта, як правіла, адбываецца падчас перадвыбарчай агітацыі. Вядомая амэрыканская традыцыя пацісканьня рук выбарнікаў. Але там палітычныя лідэры не кіруюць эканомікай, не наведваюць прадпрыемствы і не даюць указаньні, як трэба працаваць. А ў Беларусі гэта паўсядзённая практыка. Паводле афіцыйнага канцэпту, дырэктары-недарэкі самі, без каштоўнага ўказаньня кіраўніка дзяржавы, ні на што ня здольныя.


С**бода зьезьдзіла ў рэгіёны, дзе ні разу ня быў Аляксандар Лукашэнка. Неўзабаве чытайце на сайце рэпартаж зь Сеньненскага раёну, радзімы Машэрава, і Воранаўскага, дзе 80% насельніцтва назвалі сябе падчас перапісу 2009 году палякамі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024