У Свіслачы на магіле Віктара Каліноўскага, брата кіраўніка паўстання 1863−64-х гадоў Кастуся Каліноўскага, пачаўся другі дзень раскопак. Ідзе дождж.
У першы дзень быў дэмантаваны камень з крыжам, меншы камень з крыжам, знятая плітка і верхні слой зямлі, піша harodniaspring.org. Ідзе праліўны дождж, але працы працягваюцца. Раскоп накрыты тэнтам і магілу цэлую ноч ахоўвала міліцыя.
Раскопкі вядуць антраполаг Мікалай Памазанаў і археолаг Вадзім Кошман. Літоўскі бок навукоўцаў узначальвае прафесар антрапалогіі Вільнюскага ўніверсітэту Рымантас Янкаўскас.
Мясцовыя людзі цікавяцца тым, што адбываецца на могілках. Прадстаўнікі Следчага камітэту не шматслоўныя, і сёння іх пакуль што мала.
Назіральнікі ад грамадскасці, гарадзенскі праваабаронца, журналіст і публіцыст Уладзімір Хільмановіч і мясцовы свіслацкі грамадска-палітычны актывіст Юрась Глебік сочаць за працэсам. Гэтая магіла ёсць месцам ушанавання памяці паўстанцаў і ўсіх герояў палеглых за Беларусь.
Літоўскі бок спадзяецца па парэштках Віктара Каліноўскага ідэнтыфікаваць яго брата Кастуся Каліноўскага, урачыстае перазахаванне парэшткаў якога адбудзецца ў гэтую восень у Вільні.