1 ліпеня ў Гродне скончыў жыццё самагубствам 21-гадовы сяржант-кантрактнік Фёдар Бунас. Хлопец родам з вёскі Камуна, што ў Любанскім раёне Мінскай вобласці. Служыў намеснікам камандзіра ўзвода 3-й роты 202-га батальёна 6-й асобнай механізаванай брыгады, <піша n*.by.
Знаёмыя і саслужыўцы характарызуюць Фёдара як жыццярадаснага чалавека. Маўляў, такога ўчынку ад яго ніхто не чакаў.
Як вынікае з каментароў Фёдара «Укантакце», на яго была заведзеная крымінальная справа за дзядуху. Адзін салдат не вытрываў і здзейсніў суіцыд. Пасля быў суд. Бунас атрымаў 4 гады хатняй хіміі.
Але служыць працягваў.
Праўда, знаёмыя сяржанта не ўпэўненыя, што яго ўчынак звязаны з судзімасцю.
Мінабароны падкрэслівае: прычынай сталі абставіны прыватнага жыцця. Ды і сяржант здзейсніў суіцыд увечары, дома, не на службе.
Ходзяць чуткі, што ўчынак Бунаса мог быць звязаны з яго дзяўчынай. Кажуць, у той дзень яны пасварыліся.
«Наша Н**а» знайшла дзяўчыну сяржанта. Яна кажа, што не разумее прычын і сама. Пра сварку — адмаўляе.
«Раніцай чалавек смяяўся, а ўвечары яго не стала… У чым прычына — я не разумею. Учора нічога страшнага не здарылася, што магло да гэтага прывесці. І я шчыра не разумею, чаму ўсё так. Можа, накіпела гэта ўсё. Я не ведаю», — кажа дзяўчына.
Дзяўчына кажа, што сваркі не было: маўляў, «проста выказалі прэтэнзіі адно да аднаго». Фёдар не пагражаў, што штосьці можа з сабою зрабіць — проста сышоў, кажа дзяўчына.
«Ён не хацеў паміраць. Проста так атрымалася», — мяркуе яна.
Да таго ж Фёдар не пакінуў пасля сябе запіскі.
Вядома, што сяржант сапраўды прыняў вялікую дозу абязбольвальных. Пасля выйшаў на двор. Яго заўважылі суседзі, выклікалі хуткую. Але выратаваць хлопца дактары не змаглі.