У Лідзе мужчына 1974 года нараджэння працаваў адразу ў дзвюх арганізацыях і падманваў сваіх працадаўцаў на паліва.
Грамадзянін працаваў кіроўцам — і са снежня 2018 па люты 2019 года ў адной фірме ён прысвоіў 660 літраў паліва. Па звестках УУС Гродзенскага аблвыканкама ў гэты ж час мужчына падзарабляў на такой жа пасадзе ў яшчэ адной арганізацыі, і менш чым за два месяцы «заліў» міма бака службовага аўтамабіля 1875 літраў.
У абодвух выпадках лідчанін дзейнічаў па аднолькавай схеме: выкарыстоўваў службовыя магнітныя карты і ўносіў у дарожныя лісты скажоныя паказанні. Агульная шкода ад яго дзейнасці склала амаль 2900 рублёў. У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа па артыкуле «Прысваенне альбо растрата».