21 чэрвеня ў Будапешце прайшло пасяджэнне IIHF, прысвечанае розыгрышу Кантынентальнага кубка ў сезоне-2019/20. На ім удзельнікі турніру былі разбітыя на групы, а таксама вызначаны месцы правядзення папярэдніх раўндаў.

Сярэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі «Нёман» прыме старт у Кантынентальным кубку з трэцяга раўнда. Гродзенцы патрапілі ў групу «F», дзе іх супернікамі стануць «Бейбарыс» (Казахстан) і «Краковія» (Польшча).

Міні-турнір з 15 па 17 лістапада 2019 года прыме Кракаў. Нагадаем, «Нёман» выйграваў Кантынентальны кубак у 2015 годзе пад кіраўніцтвам Васіля Спірыдонава. У трох наступных сезонах гродзенскі клуб прадстаўляў Беларусь у Лізе чэмпіёнаў.