Пятнаццаты рок-байк фестываль “Хавайся ў Бульбу” пройдзе 7-9 чэрвеня на базе адпачынку “Дом Рыбака” ў Каробчыцах. Чакаецца, што прыедуць матацыклісты з многіх краін Еўропы і ўдзельніцы “Жаночага Сусветнага Мотапрабегу”, якія наведалі наш горад два тыдні таму ў рамках эстафеты.
Для жыхароў горада будзе арганізаваны рух маршруткі. Транспарт пачне курсіраваць з 17.00 у пятніцу ад прыпынку насупраць тытунёвай фабрыкі да “Дома Рыбака”. Пастаянны партнёр фестывалю таксі “Бертэль” (107) прадастаўляе зніжку на праезд з любой часткі горада на “Хавайся ў Бульбу” і назад. Для атрымання “спец-тарыфу” дастаткова пры замове машыны сказаць “На байк-фэст”.
Дзеці да 14 гадоў у суправаджэнні бацькоў змогуць прайсці бясплатна. Дзяўчат да 20.00 у пятніцу і суботу таксама чакае бясплатны білет. Пасля 20.00 усе жадаючыя змогуць трапіць на мерапрыемства па цане 20 рублёў за абодва дні.
Застацца можна і з начлегам. Будзе арганізаваны намётавы гарадок на востраве.

Што? Дзе? Калі?
Заезд плануецца з 12.00 у пятніцу. Ужо ў гэты час будуць працаваць вулічныя кафэ.
У 14.00 арганізатары рыхтавалі пабудову калоны для праезду па горадзе, але пакуль дазвол ад гарадскіх уладаў не атрымалі. Байкеры хацелі праехаць у суправаджэнні ДАІ па наступным маршруце: база адпачынку «Дом Рыбака» – вул. Суворава – вул. Савецкіх Памежнікаў – БЛК – вул.Горкага – вул. Сацыялістычная – пл. Савецкая – база адпачынку «Дом Рыбака», традыцыйна даўшы магчымасць гараджанам сфатаграфавацца на матацыклах каля “тэкстыльшчыкаў”.
На байк-фесте не будет мотоколонны из-за закона об массовых мероприятиях. Байкеры недовольны
Ужо зацверджаны арганізатарамі канчатковы спіс музыкаў.
7 чэрвеня
18: 10-19: 00 “An Old Town ‘Dogzz” (Гродна)
19: 20-20: 10 “К121” (Гродна)
20.30-21.20 “Rammstain” Трыб’ют (Мінск)
21: 40-22: 40 “Разбітае сэрца пацана” (Мінск)
23: 00-24: 00 “DZIECIUKI” (Гродна)
24.00-05.00 дыскатэка

Не менш насычаная музычная праграма чакае гасцей і ў суботні вечар 8 чэрвеня. Хэдлайнерам фестывалю стане легенда рускага року – гурт “Черный обелиск”:

18:00-18:50 “Kaduk” (Гродна)
19.10-20. 00 “ИГО” (Гродна)
20:20-21:10 “The GoonzZЦ” (Гродна)
21:30-22:10 “Drum Ecstasy” (Мінск)
22.20-24.00 “Черный обелиск” (Масква)
00.20-05.00 дыскатэка
Акрамя музычнай праграмы матацыклістаў і гасцей чакаюць конкурсы, атракцыёны, фаер-шоу, выступленне лідскага шоу-праекта «MALINA» і спаборніцтвы па стральбе. Адным са спонсараў фестывалю выступіць кампанія “Гродфуд”. Пераможцы конкурсаў у якасці прыза атрымаюць вельмі арыгінальны падарунак – стратэгічны запас тушонкі вагой у некалькі кілаграм.

Сёлета ўпершыню на “Хавайся ў бульбу” будзе працаваць тату-студыя “Мроя”. Юля “Піпетка” – вядомы ва ўсёй Еўропе тату-майстар, суддзя і ўдзельніца розных тату-конкурсаў і канвенцый, зробіць усім жадаючым бясплатныя татуіроўкі на мота-тэму па сваіх адмыслова распрацаваным да фестывалю эскізах.

Байкеры дапамогуць бяздомным жывёлам
Традыцыйна, сябры гродзенскага байк-клуба “NASHORN free riders MCC” праводзяць дабрачынныя акцыі на ўсіх сваіх мерапрыемствах. Яны супрацоўнічаюць з дзіцячым хоспісам і панямуньскім дзіцячым домам. Гэтым разам на фестывалі будуць збіраць сродкі на карысць бяздомных жывёлаў з прытулку “Адданае сэрца”. Усе госці змогуць ахвяраваць любую суму ці паўдзельнічаць у дабрачынным аўкцыёне.



