Распрацаваны праект брэнда Гродна гісторык Мечыслаў Супрон адправіў 3 чэрвеня ў гарвыканкам. Над ім гродзенец працаваў каля тыдня.
У красавіку для фарміравання адзінай стратэгіі прасоўвання турыстычнага патэнцыялу Гродна гарвыканкам аб’явіў конкурс на стварэнне гандлёвай маркі горада. Некалькі гродзенцаў адгукнуліся на прапанову, у тым ліку і гісторык Мечыслаў Супрон. Сваю працу ён выклаў у сацыяльныя сеткі.
«Я не толькі гісторык, але і дызайнер. Апошняй прафесіяй у жыцці карыстаўся не вельмі часта, але калі ўбачыў інфармацыю пра брэнд Гродна, вырашыў абнавіць свае веды і нешта зрабіць. Хай гродзенцы ацэняць», — распавёў Супрон.
Аснова кампазіцыі лагатыпа — стылізаваны надпіс «Hrodna». Пад ім змешчаны слоган «The city with soul», што ў перакладзе азначае «Горад з душой». Над надпісам алень святога Губерта.
«Душа Гродна — тыя нематэрыяльныя каштоўнасці, якімі славіцца наш горад. Гэта багатыя традыцыі і гісторыя, сівыя легенды і паданні, загадкі і таямніцы. Гродна мае сваю напаўторную атмасферу, якая чаруе кожнага, хто тут бывае.
Гродна — горад з тысячагадовай гісторыяй. Пры распрацоўцы эскіза лагатыпа мы абапіраліся, у першую чаргу, на традыцыяныя элементы, якія атаясамляюцца менавіта з гэтым горадам і яго культурай. Найбольш выразнай часткай распрацаванай намі кампазіцыі з’яўляецца стылізаваны герб горада Гродна — алень святога Губерта. Гэты геральдычны знак ужо некалькі стагодзяў з’яўляецца нязменным сімвалам нашага горада, сведчаннем яго славы і велічы", — дадаў гісторык.
Дасланыя прапановы гарвыканкам будзе разглядаць і ацэньваць з улікам меркавання спецыяльна створанай рабочай групы з прадстаўнікоў гродзенскага выканкама, профільных ВНУ, грамадскіх турыстычных аб’яднанняў, розных арганізацый, гісторыкаў і г. д. Таксама будзе праведзена грамадскае галасаванне па ўсіх дасланых варыянтах брэнда.
Па выніках праведзенай працэдуры дзяржаўнай закупкі са стваральнікам заключаць дагавор на перадачу выключнага права на турыстычны брэнд горада Гродна: эскіза лагатыпа, слогана і апісання канцэпцыі.