Матч з мазырскай «Славіяй» каманда Ігара Кавалевіча праводзіла ў Гродне 2 чэрвеня і мінімальна саступіла — 0:1.
«Нёман» хацеў рэабілітавацца перад сваімі заўзятарамі пасля буйнай паразы ў Брэсце: нават уваход на матч са «Славіяй» зрабіў вольным. Але, мабыць, гродзенскія футбалісты так жадалі перамагчы, што перагарэлі.
Ужо на пятай хвіліне гаспадары маглі адкрываць лік. Але штрафны ўдар, які дакладна выканаў Еўдакімаў, з дзявяткі зняў галкіпер гасцей. Праз хвіліну ўжо Бабічаў меў добры момант, мяч пасля яго ўдару галавой апынуўся крыху вышэй варот.
На 15-й хвіліне ўжо госці ўпускаюць добры момант. Іх нападнік не трапляе са зручнай пазіцыі. А вось ужо на 33-й хвіліне «Славія» ўсё ж такі дамаглася свайго і адкрыла лік. Ануфрыеў апынуўся першым на дабіванне.
Пасля прапушчанага гола «Нёман» толькі абараняўся. З-за правалаў у абароне гаспадары яшчэ да перапынку маглі прапусціць як мінімум адзін гол.
У другім тайме жоўта-зялёныя дадалі актыўнасці ў сваёй гульні. Кавалевіч для ўзмацнення каманды выпусціў Рудзіка, Алыкулава і Атамэнга. Апошні меў выдатную магчымасць зраўняць лік на 67-й хвіліне, але яго ўдар парыраваў галкіпер.
На 82-й Курганскаму прыйшлося ратаваць сваю каманду пасля далёкага ўдару Шаўчэнкі.
Апошні небяспечны момант і шанец зраўнаць лік у матчы быў у гродзенцаў. На 93-й хвіліне мяч пасля ўдару Рудзіка праляцеў над перакладзінай.
«Нёман» — «Славія» — 0:1
Пасля трэцяй паразы запар «Нёман» застаецца ў турнірнай табліцы на 8-й пазіцыі з 13 ачкамі ў актыве. Наступны матч жоўта-зялёныя правядуць 14 чэрвеня ў сталіцы, дзе сустрэнуцца з «Мінскам».