Авіякампаніі «Белавія» «ў нейкай ступені прыйдзецца ўлічваць» прысутнасць замежных лоўкостараў, калі яны прыйдуць на рынак авіяперавозак Беларусі, заявіў намеснік генеральнага дырэктара Ігар Чаргінец. Ён пракаментаваў паведамленні, якія з’явіліся ў маі, пра тое, што еўрапейскія лоўкостары разглядаюць магчымасць арганізацыі палётаў з аэрапорта Гродна, піша naviny.by.

«Гэта нармальная сітуацыя, нармальная канкурэнцыя, — сказаў ён. — Безумоўна, калі такое адбудзецца, то ў нейкай ступені сапраўды прыйдзецца іх улічваць. <…> Адзінае, некалькі здзіўляюць гэтыя заявы, бо самалёты авіякампаній, якія былі заяўлены, не могуць прызямляцца ў Гродне — там паласа на іх не разлічана. Таму, што там абмяркоўваюць, вельмі цяжка зразумець. Напэўна, нейкія перспектывы досыць далёкія».

Намеснік гендырэктара «Белавія» прызнаў, што кампанія і цяпер канкуруе з лоўкостамі - і наўпрост, і апасродкавана. Наўпрост у летні час лётае авіякампанія Vueling з Іспаніі, з Барселоны. Іншыя авіякампаніі, такія як Ryanair, Wizz Air ёсць у суседніх з Беларуссю аэрапортах.

Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка на калегіі 7 лютага паведаміў, што ў Беларусі разглядаецца пытанне стварэння базавага аэрапорта для лоўкост-кампаній, якія можна прыцягнуць у краіну. Знаходзіцца ён будзе ў адным з абласных цэнтраў, але гэтае пытанне яшчэ адкрытае.

2 мая амбасадар Венгрыі ў Беларусі Жолт Чутора на сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым паведаміў, што Wizz Air разглядае магчымасць адкрыцця рэгулярных рэйсаў з Гродна. Абмяркоўвалі і магчымасці прыходу ў Гродна нідэрландскіх лоўкост-авіякампаній.