«Мы заклікаем паказаць разам, што народ, у імя якога Кастусь Каліноўскі ўзышоў на шыбеніцу, памятае свайго героя!», — кажуць музыкі. Увосень адбудзецца перапахаваньне паўстанцаў 1863−1864 гадоў, знойдзеных на Замкавай гары ў Вільні. Сярод іх тыя, хто ў якасьці пароля выкарыстоўваў словы «- Каго любіш? -Люблю Беларусь! — Дык узаемна!». Першы сярод іх — Кастусь Каліноўскі, піша tuzinfm.by.
Цяперашняя беларуская дзяржава ніяк не вызначыцца са сваім стаўленьнем да яго. Грамадзкая кампанія «Каліноўскі - наш герой» накіраваная на тое, каб дапамагчы ўладам зрабіць правільны выбар, бо як пісаў сам Каліноўскі: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа!». Да гэтай кампаніі далучыліся ўжо лэйбл БМА group, які ладзіць музычную кампанію «Uzajemna!/Узаемна!», вытворца патрыятычнай вопраткі LSTR, які выпусьціў новы прынт «Gloria Victis» і гурт Dzieciuki, які ў межах кампаніі прэзэнтуе сваю новую песьню «Час касінераў» на словы Алеся Чобата.
Лідэр гурта Алесь Дзянісаў распавядае, што напісаў яе ў час працы над сваім сольным альбомам «Кароткая гісторыя Беларусі». Але Алесь Чобат папрасіў яго не ўключаць гэтую песьню ў рэліз. Аўтар гэта патлумачыў тым, што гэта раньні верш і што ён занадта рамантычны і наіўны. Пры гэтым, не забараніў выкарыстоўваць песьню па-за межамі сольніка. На погляд Дзянісава яна вельмі добра ўпісалася ў будучы альбом гурта. Больш за тое — яна будзе фінальнай песьняй на ім.
Dzieciuki заклікаюць далучацца да кампаніі «Каліноўскі - наш герой» усіх неабыякавых беларусаў, каб годна прадставіць беларускі бок на ўрачыстасьцях, якія маюць адбыцца 2 лістапада 2019 году на віленскіх могілках Росы. Менавіта там будуць перапахаваныя парэшткі Каліноўскага ды іншых паўстанцаў, якія былі забітыя ў Вільні ў 1863−1864 гадах. Кампанія складаецца з розных мерапрыемстваў. Больш падрабязна можна дазнацца праз суполкі ў сацсетках Facebook/ Укантакце/Instagram.