У Дзятлаўскім раёне 22-гадовы хлопец сабраўся з’ездзіць у райцэнтр. Для гэтага ён збіў знаёмага і забраў яго аўтамабіль, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Усё адбылося ў вёсцы Дзянісава ў мясцовым інтэрнаце ў ноч 22 на 23 траўня. Малады чалавек зайшоў да суседа 1999 года нараджэння, прасіў машыну, каб з’ездзіць па справах. Калі гаспадар машыны адмовіў, дзяцюк двойчы стукнуў яго кулаком у твар, забраў са стала ключы ад ВАЗа «першай» мадэлі і з’ехаў.
Як пазней высветлілася, падазраваны паехаў у Дзятлава. Ён быў затрыманы ўжо раніцай, калі прыехаў на скрадзенай машыне пад мясцовы гіпермаркет. Крама знаходзіцца проста насупраць мясцовага аддзялення міліцыі.
У дачыненні да маладога чалавека ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Угон», раней ён прыцягваўся да адказнасці за крадзеж, злоўжывае спіртным.