Абмежаванні былі ўведзеныя ў канцы красавіка, калі з-за сухога і ветранага надвор’я захоўваўся высокі клас пажаранебяспекі. Па меры змянення ўмоў надвор’я забарона паступова здымалася. Апошнімі адмянілі абмежаванні на наведванне лясоў на тэрыторыі Гродна — 17 мая, а днём раней, 16 мая, у Бераставіцкім, Ваўкавыскім і Свіслацкім раёнах, паведамляе grodnonews.by.
— Галоўная мэта ўвядзення забаронаў на наведванне лясоў - забеспячэнне бяспекі грамадзян і захаванасці ляснога фонду, — адзначылі ў Гродзенскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні. — За апошнія некалькі сутак было зафіксавана адно невялікае ўзгаранне ў Астравецкім раёне на плошчы 0,2 гектара. Распаўсюджванне агню прадухілілі супрацоўнікі лясгаса. Служба дзяржаўнай лясной аховы працягвае нясенне службы ў стандартным рэжыме.
З пачатку года ў вобласці адбылося 43 лясных пажару на плошчы больш за 800 гектараў.