Гістарычны забег «Гарадзенская вандроўка» традыцыйна пачнецца з гродзенскага бруку і працягнецца па асфальту гарадскіх вуліц. Ужо 2 чэрвеня бегуны-вандроўнікі выйдуць на старт. Сёлетні забег будзе трэцім у гісторыі «вандровак». Таму ўжо мае ўласныя традыцыі - адна з іх — пастаянная траса. Другая — кожны год новая форма і дызайн медаляў.
Сёлетні маршрут вандроўкі прадугледжвае забег на дзве дыстанцыі - 5 і 10 кіламетраў. Абедзьве паўтараюць леташні маршрут і знаёмыя былым удзельнікам.
Стартавы стрэл традыцыйна прагучыць на плошчы Леніна. Адсюль удзельнікі пабягуць у вандроўку па цэнтральнай частцы горада. Фарны касцёл, Кляштар бернардынаў, драмтэатра, Новы і Стары замкі, — гэта толькі малая частка славутасцяў Гродна, якія змогуць пабачыць «вандроўнікі».На вуліцы Віленскай, у раёне ЦСК Нёман, маршруты забегаў разыходзяцца. Удзельнікі забегу на 10 кіламетраў пабягуць па вуліцы Горкага, а забег на дыстанцыю 5 кіламетраў збочыць направа, ў бок плошчы Леніна.
Тое, што забег пройдзе па знаёмай трасе, дасць шанец палепшыць вынікі леташнім удзельнікам, ці падрыхтавацца да асабістых перамогаў новым бегунам. Пакуль што рэкорд вандроўкі на дыстанцыі 5 кіламетраў складае 17:03 мінуты і належыць Паўлу Максімовічу. Лепшым на 10-ці кіламетровай дыстанцыі з’яўляецца вынік у 31:43 мінуты Ігара Цецерукова.
У стартавы пакет сёлетняй вандроўкі разам са стартавым нумарам уваходзяць: футболка з лагатыпам забегу, фірмовая спартыўная бутэлька, сумка з тканіны, запрашэнне на Pasta-Party і экскурсію па гораду з гідам, унікальны медаль для фінішораў.
Зарэгістравацца на ўдзел у Гістарычнай вандроўцы можна тут.