Кожны год з надыходам веласезона праваахоўнікі фіксуюць усплёск крадзяжоў ровараў. Калі раней ахвярамі веласіпедных злодзеяў станавіліся няўважлівыя, то зараз зламыснікі залазяць у пад’езд, зрываюць велазамок і крадуць транспарт, паведамляе grodno.mvd.gov.by.

«На сённяшні дзень на тэрыторыі Гродзенскай вобласці зарэгістравана 63 факты крадзяжу ровараў, у 35 эпізодах падазраваны быў усталяваны, у астатніх выпадках праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы накіраваныя на ўсталяванне асобы, датычнай да здзяйснення дадзенага злачынства. Мы можам канстатаваць, што па-ранейшаму такія крадзяжы здзяйсняюцца спантана, а таму ў сілах грамадзян прадухіліць дадзенае злачынства" — распавёў намеснік начальніка УУР КМ УУС Гродзенскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Юрый Абрамаў.

Каб захаваць ровар, варта памятаць наступныя правілы:

1. Нельга пакідаць сваю маёмасць у месцах масавага збору людзей, або ў ціхіх скверах без выкарыстання велазамка. Калі вы адправіліся ў краму, а прышпіліць сваю маёмасць няма магчымасці, то паспрабуйце пакінуць яго пад камерамі відэаназірання.

2. Паспрабуйце зрабіць яго як мага ярчэйшым. Такім чынам, у зламыснікаў можа адпасьці жаданне забіраць маёмасць, бо яе лёгка пазнаць, ды і праваахоўнікам будзе прасцей знайсці скрадзенае.

3. Не пакідайце ровар на лесвічных пляцоўках у пад’ездах. Па-першае, такім чынам, ён становіцца лёгкай здабычай для зламыснікаў. Па-другое, за захламленне пляцовак прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 21.16 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Калі ўсё ж такі крадзяжу пазбегнуць не ўдалося, то паведаміце аб ім ў праваахоўныя органы. Раскажыце супрацоўнікам міліцыі ўсю неабходную інфармацыю пра ровар (марку, нумар рамы, калі ў вас маецца фатаграфія, перадайце яе, апішыце няспраўнасці ровара).