Найстарэйшыя ў Беларусі могілкі на вуліцы Антонава даўно хочуць прызнаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але найперш самыя каштоўныя помнікі трэба рэстаўраваць. За чый кошт, пакуль незразумела, піша vgr.by.
Хаваць у гэтым месцы пачалі яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя, а ў 1973 годзе могілкі зачынілі. Цяпер дазволеныя толькі падзахоўванні блізкіх сваякоў.
Тут знайшлі супакой значныя для Гродна асобы: маці паэта Максіма Багдановіча, рускі ваенны дзеяч і дыпламат, генерал-лейтэнант, герой Айчыннай вайны 1812 года Сяргей Ланскі, купцы Мураўёвы, знакаміты лекар Аляксандр Тальгейм, заснавальнік Гродзенскага заапарка Ян Каханоўскі, пісьменніца Эліза Ажэшка, паэт Міхась Васілёк, дырэктар Гродзенскай школы акушэрак Канстанцін Кемарскі, маскоўскі губернскі архітэктар Васіль Нябольсін і іншыя. Усяго на старадаўнім цьвінтары каля 8000 пахаванняў, прыкладна тысяча — асабліва каштоўныя. Многія помнікі разбураны, раскралі, сувязь з сваякамі пахаваных амаль страчана.
— Трэба вызначыць самыя каштоўныя магілы, запрасіць вопытных рэстаўратараў. У рамках транспамежнага супрацоўніцтва пададзена заяўка на атрыманне гранта на інвентарызацыю могілак. Ёсць ужо некалькі спонсараў, гатовых дапамагчы з рэстаўрацыяй магіл, — распавёў гісторык-краязнаўца Андрэй Вашкевіч, які ўваходзіць у раду па гісторыка-культурнай спадчыне Гродна.
Пакуль жа ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны плануюць унесці каля дзесяці магіл, у тым ліку Элізы Ажэшкі, купцоў Мураўёвых, Канстанціна Кемарскага, маці Максіма Багдановіча.