Бронзавая 3-метровая фігура ўсталяваная на ўездзе ў горад з боку Гродна. Яна стане часткай мастацкай кампазіцыі, аўтарам якой з’яўляецца скульптар Генадзь Буралкін, піша sb.by.
Галоўны спецыяліст аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко распавяла аб планах па афармленні ўязной групы, якія плануецца ажыццявіць да кастрычніка, калі будзе святкавацца 975-годдзе Навагрудка:
— У 1932 годзе на ўездзе з боку Баранавічаў стаялі вароты, якія нямецкія танкі знішчылі ў 1941 годзе. 5 гадоў таму было прынята рашэнне распрацаваць канцэпцыю мастацкага аднаўлення гэтай брамы, як знака старажытнасці і гасціннасці нашага горада. Першы этап — цагляная арка — з’явілася раней і сустракала аўтамабілістаў з боку Гродна. Цяпер да яе дадаўся рыцар. У жніўні мы плануем завяршыць кампазіцыю стылізаванымі пад замкавыя адкрытымі варотамі з барэльефамі, на якіх будуць адлюстраваныя 12 важных для горада дат.
Прататыпам цяперашняга рыцара, які, дарэчы, важыць тону і вырабляўся ў творчай майстэрні Генадзя Буралкіна цэлы год, стаў воін ВКЛ 14−16 стагоддзяў.